Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік прывітаў удзельнікаў канферэнцыі на Кубе

Культура сустрэчы патрэбна для будавання братэрскай цывілізацыі, падкрэсліў Папа ў пасланні да ўдзельнікаў IV Міжнароднай канферэнцыі на тэму “Дзеля раўнавагі ў свеце”, якая праходзіла на Кубе.

“Трэба аб’яднаць сілы праз плённы дыялог для ўмацавання братэрскай еднасці паміж народамі”, - заўважыў у звароце Францішак. У кантэксце падзей, якія пагражаюць раўнавазе сучаснай цывілізацыі, людзі добрай волі павінны аб’ядноўвацца і сустракацца на аснове плюралізму, “каб па-сапраўднаму спрыяць чалавечай асобе”, дадаў ён.

Спасылаючыся на энцыкліку “Laudato si’”, Святы Айцец нагадаў, што людзі, задзейнічаныя ў абароне годнасці чалавека, “могуць знайсці ў хрысціянскай веры самыя глыбокія матывы для сваёй дзейнасці”.

Пантыфік заклікаў да такога падыходу да “інтэгральнай экалогіі”, дзе прыроднае і чалавечае асяроддзі ўспрымаюцца як нешта вельмі блізкае і злучанае паміж сабой. На яго думку, супрацьстаянне знішчэнню прыроды трэба пачынаць з разумення прычын агульначалавечай і сацыяльнай дэградацыі.

Спасылаючыся на свае словы, скіраваныя падчас візіту на Кубу ў верасні 2015 г., Святы Айцец нагадаў пра “патрэбу развіцця “культуры сустрэчы”, асабліва сярод моладзі”. Ён выказаў надзею, што праца канферэнцыі зробіць унёсак на карысць “стварэння яшчэ больш братэрскай цывілізацыі”.

Ініцыятарам міжнароднага форума стала арганізацыя “Праект міжнароднай салідарнасці Хасэ Марці”. Ён праходзіў 28-31 студзеня 2019 г. у Палацы канвенцый у Гаване.

Навіна ў фармаце аўдыё
31 студзеня 2019, 12:22