Падчас аўдыенцыі для Асацыяцыі выкладчыкаў гісторыі Касцёла Падчас аўдыенцыі для Асацыяцыі выкладчыкаў гісторыі Касцёла 

Пантыфік: гісторыя Касцёла павінна быць жывой і яўна прысутнай

“Гісторыя, якая вывучаецца заўзята, можа і павінна многаму навучыць сучаснасць, дэзарганізаваную і сасмаглую па праўдзе, міры і справядлівасці”, - перакананы Францішак.

На думку Папы, было б дастаткова навучыцца “мудра і адважна разважаць адносна трагічных наступстваў і ўрону, нанесенага войнамі, якія бударажаць падарожжа чалавека па гэтай зямлі”.

Пра значэнне даследаванняў у галіне гісторыі Святы Айцец казаў 12 студзеня 2019 г. падчас аўдыенцыі ў Ватыкане для ўдзельнікаў XVIII Сустрэчы членаў Асацыяцыі выкладчыкаў гісторыі Касцёла. Навуковы форум праходзіў 10-11 студзеня 2019 г. у рымскім універсітэце “Lumsa” з нагоды 50-годдзя існавання арганізацыі.

Пантыфік падкрэсліў багацце сведчанняў мінулага, якім валодае Каталіцкі Касцёл у Італіі, і заклікаў рупліва ахоўваць гэты скарб. На думку Францішка, памяць пра мінулае краіны трэба “рабіць жывой і яўна прысутнай перад нашымі вачыма”, каб дапамагаць “рухацца праз сучаснасць у кірунку будучыні”.

“У цэнтры гісторыі знаходзіцца Слова, падоранае нам Богам. (...) Яно дзейнічае ў гісторыі і трансфармуе яе знутры. Гэтым Словам ёсць Езус Хрыстус, Які так глыбока пазначыў і вызваліў гісторыю чалавека, што падзяліў хаду часу на да Яго і пасля Яго”

, - працягнуў Святы Айцец.

Менавіта поўнае прыняцце збаўчага і міласэрнага дзеяння Хрыста можа, на думку Пантыфіка, зрабіць веруючага гісторыка навукоўцам, яшчэ больш уважлівым да фактаў і да праўды, паслядоўным сведкам у навучальнай дзейнасці, можа зберагчы даследчыка ад саманадзейнасці ўсёзнайства, ад прагі кар’еры, ад назойлівага пошуку прызнання з боку акадэмічнага свету.

“Здольнасць распазнаваць прысутнасць Хрыста і шлях Касцёла ў гісторыі робіць нас пакорнымі і абараняе ад спакусы шукаць прытулку ў мінулым, каб пазбегнуць сучаснасці”

, - сказаў Францішак.

На заканчэнне сустрэчы Святы Айцец пажадаў сваім гасцям спрыяць сузіранню Хрыста, Які дзейнічае ў гісторыі і ў памяці чалавецтва, і заўсёды “адчуваць Яго збаўчую прысутнасць у фактах, дакументах, вялікіх і малых падзеях, асабліва ў жыцці ціхмяных, апошніх, бо яны таксама з’яўляюцца дзеючымі асобамі гісторыі”.

Асацыяцыя выкладчыкаў гісторыі Касцёла была заснавана ў 1967 г. пры Каталіцкім універсітэце Найсвяцейшага Сэрца ў Мілане (Італія). Яе галоўнай задачай з’яўляецца спрыянне падрыхтоўцы выкладчыкаў гісторыі Касцёла, якія працуюць у духоўных семінарыях, а з нядаўняга часу і прафесараў вышэйшых дзяржаўных устаноў. Ініцыятарам стварэння Асацыяцыі выступіў Папскі камітэт гістарычных навук.

Рэпартаж з Залы кансістэрыяў
Навіна ў фармаце аўдыё
12 студзеня 2019, 14:08