Cerca

Vatican News
Папа падчас Крыжовага шляху ў Панаме Папа падчас Крыжовага шляху ў Панаме  (ANSA)

Папа: Крыжовы шлях Езуса працягваецца ў нашы дні

Шлях самотнасці і цярпенняў Езуса працягваецца ў нашы дні ў шматлікіх абліччах, якія пакутуюць ад раўнадушша і нячуласці грамадства, заўважыў Папа падчас Крыжовага шляху ў Панаме.

Набажэнства прайшло ў рамках Сусветных дзён моладзі вечарам 25 студзеня 2019 г. на ўзбярэжжы Сінта Кастэра. Каля 400 тыс. юнакоў і дзяўчат разам з Францішкам маліліся за мігрантаў і бежанцаў, за ахвяр наркаманіі і гандлю людзьмі, за пажылых людзей, якія былі адрынуты грамадствам, за дзяцей, пазбаўленых дзяцінства або нават магчымасці нарадзіцца, за навакольнае асяроддзе і мір паміж народамі.

Пантыфік перакананы – адказнасць за тое, што здараецца ў свеце, ляжыць, у тым ліку на тых, хто лічаць сябе хрысціянамі.

“Таксама і мы, Твае сябры, Пане, паддаемся апатыі і нерухомасці. Нярэдка нас перамагаў і паралізаваў канфармізм. Цяжка было распазнаць Цябе ў браце, што пакутуе: мы адварочвалі позірк, каб не бачыць; уцякалі ў шум, каб не чуць; закрывалі раты, каб не крычаць”

, - сказаў ён.

Святы Айцец заўважыў, што людзям заўсёды лягчэй быць побач з тымі, хто перамагае і мае поспех, таму яны паддаюцца “культуры булізму, знявагаў і запалохвання”. Гэты шлях, аднак, дыяметральна супрацьлеглы шляху Пана, Які атаясаміў сябе з кожным чалавекам, што адчувае сябе забытым, Які пажадаў абняць усіх, “каго мы лічым нягоднымі адбымкаў, ласкавасці, благаслаўлення; ці яшчэ горш, нават не ўсведамляем, што яны гэтага патрабуюць, ігнаруем іх”.

Крыжовы шлях Божага Сына працягваецца ў “заглушаным крыку дзяцей, якім перашкаджаюць нарадзіцца і шматлікіх іншых, якім адмаўляюць у праве на дзяцінства, сям’ю, адукацыю”; “у жанчынах, што спазналі знявагу, эксплуатацыю і пакінутасць, якіх пазбавілі годнасці ці ігнаравалі яе”; “у смутных вачах моладзі, якая бачыць, што яе пазбаўляюць надзеі на будучыню па прычыне адсутнасці адукацыі і годнай працы”; “у трывозе маладых абліччаў, нашых сяброў, якія трапляюць у сеткі несумленных людзей – сярод іх ёсць таксама тыя, якія сцвярджаюць, што служаць Табе, Пане, – сеткі эксплуатацыі, злачынаннасці і злоўжыванняў”, сказаў Папа.

“Крыжовы шлях Твайго Сына працягваецца ў моладзі з нахмуранымі тварамі, якая згубіла здольнасць марыць, ствараць і вынаходзіць заўтрашні дзень, якая “выходзіць на пенсію” з пакутамі пасіўнасці і канфармізму – аднаго з самых распаўсюджаных наркотыкаў нашага часу”

, - дадаў Святы Айцец.

Паводле Францішка, Крыжовы шлях Езуса працягваецца ў пакутах людзей, якія замест “салідарнасці з боку грамадства, поўнага дабрабыту, сустакаюць адмаўленне, цярпенні і беднасць”; у мігрантах, якіх абвінавачваюць ва ўсіх няшчасцях. Крыжовы шлях працягваецца ў “самотнасці пажылых людзей, пакінутых і адчужаных”; карэнных народаў, “пазбаўленых зямлі, каранёў і культуры”.

“Ойча, Крыжовы шлях Твайго Сыно працягваецца ў крыку нашай маці зямлі, да глыбіні параненай забруджваннем паветра, бясплоднасцю палёў, забруджваннем водаў, у крыку зямлі, якую бачым растаптанай знявагай і шалёным спажывальніцтвам, што выходзіць за ўсе разумныя межы”

, - сказаў Пантыфік.

Крыжовы шлях Езуса працягваецца ў грамадстве, якое згубіла здольнасць плакаць і ўзрушвацца перад абліччам цярпенняў людзей, дадаў ён.

Перад абліччам шматлікіх пакут сучаснага свету Францішак заклікаў маладых людзей станавіцца “міратворцамі, будаўнікамі еднасці і ферментамі братэрства”, бяручы прыклад з Панны Марыі. Важна, як Маці Божая, быць здольнымі стаяць ля крыжа з сэрцам, не закрытым, але “якое ўмее суправаджаць, якое ведае ласкавасць і самааданнасць; якое разумее, што такое спагада, паступаючы з пашанай, далікатнасцю і разуменнем”.

“Навучы нас, Пане, стаяць ля падножжа крыжа, ля падножжа крыжоў. Расчыні нашы сэрцы ў гэты вечар, збаў нас ад паралізаванасці і разгубленасці, ад страху і роспачы. Ойча, навучы нас казаць: вось я разам з Тваім Сынам, разам з Марыяй і мноствам умілаваных вучняў, якія прагнуць прыняць Тваё Валадарства да свайго сэрца. Амэн”, - закончыў сваю малітву на заканчэнне Крыжовага шляху Францішак.

Рэпартаж з Крыжовага шляху ў Панаме
Навіна ў фармаце аўдыё
26 студзеня 2019, 10:53