Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак да маладых зняволеных: імкніцеся да навяртання

Езус разбурае логіку падзелаў і ізалявання, калі сядае за адзін стол з мытнікамі і грэшнікамі, сказаў Папа падчас пакутнага набажэнства для непаўналетніх панамскіх зняволеных.

Літургія для маладых вязняў, якія ўтрымліваюцца ў турме Лас-Гарсас у Пакары, на ўсход ад сталіцы Панамы, адбылася раніцай 25 студзеня 2019 г. у рамках 34-х Сусветных дзён моладзі.

Каментуючы прыпавесць пра згубленую авечку (Лк 15, 1-7), расказаную Езусам у адказ на абвінавачванні фарысеяў у тым, што “Ён прымае грэшнікаў і есць з імі”, Францішак адзначыў, што гэты евангельскі ўрывак паказвае два супрацьлеглыя позіркі: “адзін марны і бясплённы – позірк зласлоўя і плётак, а другі, які кліча да перамены і навяртання, – позірк Пана”.

Па словах Святога Айца, адмоўнае, непрымальнае стаўленне да выбару Езуса быць побач з тымі, “хто па тысячах прычын нясе на сабе цяжар сацыяльнай нянавісці”, “усё забруджвае, таму што ўзводзіць нябачны мур, які прымушае думаць, нібы, выцясняючы, аддзяляючы і ізалюючы, можна цудоўным чынам вырашыць усе праблемы”.

“[Калі грамадства або супольнасць дазваляе сабе гэта і займаецца ні чым іншым, як абгаворамі і плёткамі, то апынаецца ў заганным коле падзелаў, папрокаў і абвінавачванняў (...) І звычайна нітка рвецца ў самым тонкім месцы – на найбольш слабых і безабаронных]”

, - перасцярог Пантыфік.

Паводле яго, Езус разбурае логіку падзелаў і ізалявання менавіта тады, калі сядае за адзін стол з мытнікамі і грэшнікамі. Ён таксама знішчае “ўнутраны шэпт, які ўзнікае ў тым, хто, учыніўшы грэх і ўсведамляючы ўласную памылку, не верыць у магчымасць перамены”; хто глыбока перакананы, што “народжаны мытнікам павінен мытнікам і памерці”. “Толькі гэта няпраўда!”, - сцвердзіў Францішак.

“Кожны з нас нашмат большы за свае “ярлыкі”. Так нас навучае Езус і ў гэта заклікае верыць. Яго позірк штурхае нас прасіць і шукаць дапамогі, каб прайсці дарогамі пераадолення. Часам здаецца, што зласлоўе перамагае, але не верце гэтаму, не слухайце яго. Шукайце і слухайце галасы, якія штурхаюць глядзець наперад, а не тыя, што цягнуць вас уніз”, - заклікаў маладых зняволеных Папа.

Ён дадаў, што радасць і надзея хрысціяніна нараджаюцца з адчування на сабе Божага позірку, у якім чытаецца: “Ты складаеш частку Маёй сям’і; не магу пакінуць цябе пасярод непагадзі, не магу кінуць цябе на вуліцы. Я тут, з табою”.

“[Вы складаеце частку сям’і, вы маеце шмат таго, чым можаце падзяліцца. Дапамагайце адзін аднаму спасцігаць, які спосаб жыцця – найлепшы, і суправаджаць працэс перамены, у якім усе мы, як сям’я, маем патрэбу]”

, - пажадаў Пантыфік.

На заканчэнне гаміліі Францішак яшчэ раз падкрэсліў, што “грамадства плённае тады, калі ўмее спараджаць дынаміку, здольную аб’ядноўваць і інтэграваць, калі бярэ на сябе абавязак змагацца за стварэнне альтэрнатыў, якія б давалі новыя магчымасці сваім дзецям, калі намагаецца будаваць будучыню праз супольнасць, адукацыю і працу”.

Пасля папскага казання распачалося непасрэднае пакутнае набажэнства, падчас якога ўтрымальнікі пенітэнцыярнай установы маглі паспавядацца. Нагадаем, што 250 канфесіяналаў для сакрамэнту пакаяння ў рамках Сусветных дзён моладзі былі спецыяльна зроблены мясцовымі зняволенымі.

Турма для непаўналетніх Лас-Гарсас у Пакары разлічана на амаль 200 вязняў і прапануе зняволеным курс падрыхтоўкі да вяртання ў грамадства, які ўключае шэраг адукацыйных, сямейных і медыцынскіх мерапрыемстваў. З пенітэнцыярнай установай супрацоўнічае каманда сацыяльных работнікаў, псіхолагаў і настаўнікаў пад кантролем Дзіцячага Фонда ААН (UNICEF).

Навіна ў фармаце аўдыё
25 студзеня 2019, 16:55