Пошук

Vatican News
Папа Францішак Папа Францішак  (Vatican Media)

Францішак да кансэкраваных асоб: не стамляйцеся спадзявацца

Перамагчы крызіс надзеі, заклікаў Папа духавенства, кансэкраваных асоб і членаў свецкіх рухаў падчас св. Імшы ў панамскім катэдральным касцёле Санта-Марыя-ла-Антыгуа, якую цэлебраваў 26 студзеня 2018 г.

У гаміліі Францішак спаслаўся на словы з Евангелля св. Яна “Езус, стомлены дарогай, сядзеў пры студні. Было каля шостай гадзіны. Вось, прыйшла жанчына з Самарыі зачарпнуць вады. Кажа ёй Езус: “Дай Мне піць” (4,6-7).

Папа заўважыў, што Езус меў патрэбу ў тым, каб адпачываць ад падарожжа і набірацца сіл. Тое самае тычыцца святароў, законнікаў, законніц, членаў свецкіх рухаў, якія, пасярод шматлікіх і разнастайных абавязкаў, адчуваюць патрэбу ў тым, каб знайсці студню, ля якой можна супакоіцца і ўталіць смагу.

Францішак заўважыў, што з нядаўняга часу распаўсюдзіўся такі від стомленасці, які не мае нічога супольнага са стомленасцю Езуса – заняпад надзеі.

“[Гэта паралізуючая стомленасць. Яна ўзнікае, калі глядзім у будучыню, не ведаючы як рэагаваць на інтэнсіўнасць і ненадзейнасць перамен, якія перажываем як супольнасць]”

, - сказаў Папа.

“Гэтыя перамены здаецца ставяць пад пытанне не толькі наш спосаб самавыражэння і дзейнасці, нашы звычкі і наша стаўленне да рэальнасці, а нават, у многіх выпадках, нараджаюць сумнеў адносна самой магчымасці рэалізацыі манаскага жыцця ў сучасным свеце. Хуткасць гэтых перамен можа прывесці да нерухомасці ў рашэннях і меркаваннях, а тое, што было значным і важным ў іншыя часы, здаецца больш не мае месца”, - дадаў ён.

Паводле Пантыфіка, заняпад надзеі перад абліччам невядомай будучыні спрыяе нараджэнню прагматызма ў сэрцах, у якім быццам бы ўсё нармальна, у той час як на самой справе вера слабее і зводзіцца да пасрэднасці.

“Расчараваныя рэчаіснасцю, якую не разумеем, ці ў якой, думаем, што больш няма месца для нашай прапановы, можам даць “грамадзянства” адной з найгоршых магчымых ерасяў нашага часу: можам пачаць думаць, што Пан і нашы супольнасці не маюць чаго сказаць і даць гэтаму новаму свету, што надыходзіць”, - сказаў Папа.

“[І тады здараецца, што аднойчы народжанае, каб быць соллю і святлом свету, дае сваю самую горшую версію]”

, - дадаў ён.

Спасылаючыся на евангельскую просьбу Хрыста: “Дай Мне піць”, Францішак заклікаў панамскае духавенства і кансэкраваных асобаў зрабіць гэтыя словы сваімі. Неабходна ажывіць памяць пра першую сустрэчу з Езусам і Яго міласэрнасцю, пра той момант, калі ўпершыню адчулі сябе любімымі, не толькі асабіста, але і як супольнасць. Надзею можна ажывіць, калі пачаць глядзець на сучасныя выклікі вачыма сваіх заснавальнікаў, дадаў ён.

Рэпартаж аб св. Імшы з панамскіх духавенствам

Гаворачы пра важнасць адкрыцця панамскага катэдральнага касцёла пасля рэстаўрацыі, Папа зазначыў, што яе прыгажосць прыналежыць не толькі мінуламу, але таксама сучаснасці.

“Сёння яна зноў з’яўляецца ўлоннем, якое стымулюе абнавіць і ўмацаваць надзею, убачыць як прыгажосць мінулага становіцца асновай для будавання прыгажосці заўтрашняга дня. Так дзейнічае Пан. Браты, не дазволім скрасці прыгажосці, якую атрымалі ў спадчыну ад нашых айцоў! Няхай яна будзе жывым і плённым коранем, які дапаможа нам надалей рабіць прыгожай і прароцкай гісторыю гэтай зямлі”, - заклікаў Святы Айцец на заканчэнне гаміліі.

Навіна ў фармаце аўдыё


 

26 студзеня 2019, 15:50