Vatican News
Прывітанне Папы ў панамскім аэрапорце "Такумэн" Прывітанне Папы ў панамскім аэрапорце "Такумэн"  (Vatican Media)

Францішак прыбыў у Панаму

Святы Айцец прыбыў у Панаму. Самалёт італьянскай авіякампаніі “Аліталія” з Папам на борце прызямліўся ў панамскім аэрапорце “Такумэн”, дзе прайшла афіцыйная цырымонія прывітання.

Пасля амаль трынаццаці гадзін палёту, падчас якога было пераадолена каля 9500 км, Францішак ступіў на панамскую зямлю. У аэрапорце яго чакалі каля дзвюх тысяч удзельнікаў Сусветных дзён моладзі – самага буйнога каталіцкага моладзевага форума, які праходзіць у Панаме 22-28 студзеня 2019 г. Папу сустракаў Прэзідэнт краіны Хуан Карлас Варэла Радрыгес з жонкай Ларэнай Кастыльё Гарсіяй, а таксама члены мясцовага епіскапату.

Пасля афіцыйнай цырымоніі прывітання, падчас якой былі выкананы панамскі і ватыканскі дзяржаўныя гімны, а таксама гімн ХХХIV Сусветных дзён моладзі, Святы Айцец падышоў да агароджы, каб асабіста прывітаць вернікаў.

Затым Францішак накіраваўся ў Апостальскую нунцыятуру. Уздоўж усёй дарогі, працягласцю ў 28 км, яго віталі тысячы мясцовых жыхароў і пілігрымаў, якія прыбылі з 156 краін свету, у тым ліку з Беларусі.

Рэпартаж з панамскага аэрапорта "Такумэн"

У першай палове дня 24 студзеня Папа будзе прыватна цэлебраваць св. Імшу ў капліцы Апостальскай нунцыятуры, наведае Прэзідэнцкі палац, дзе сустрэнецца з кіраўніком дзяржавы, прадстаўнікамі дзяржаўных уладаў, дыпламатычнага корпуса і грамадзянскай супольнасці. У другой палове дня запланаваны візіт Пантыфіка ў сталічны касцёл св. Францішка Асізскага, дзе ён сустрэнецца з членамі Біскупскага Сакратарыята Цэнтральнай Амерыкі, а таксама ўдзел у афіцыйнай цырымоніі адкрыцця Сусветных дзён моладзі.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 студзеня 2019, 09:42