Пошук

Vatican News
Папа Францішак Папа Францішак  (AFP or licensors)

Святы Айцец: абарона правоў чалавека – асаблівая місія хрысціян

Францішак скіраваў пасланне да ўдзельнікаў Міжнароднай канферэнцыі “Правы чалавека ў сучасным свеце: дасягненні, хібы, адмаўленне”, якая 10-11 снежня 2018 г. праходзіць у Рыме.

Форум быў арганізаваны Дыкастэрыяй па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, у супрацоўніцтве з Папскім грыгарыянскім універсітэтам, у 70-годдзе Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і 25-годдзе Венскай дэкларацыі і Праграмы дзеяння. У ім прымаюць удзел дыпламаты, акрэдытаваныя пры Святым Пасадзе, прадстаўнікі ААН, Савета Еўропы, Камісій епіскапатаў па пытаннях справядлівасці і міра, навукоўцы, даследчыкі і грамадскія дзеячы.

“З увагай назіраючы за нашым сучасным грамадствам, можна заўважыць шматлікія супярэчнасці, якія прымушаюць спытацца, ці годнасць кожнага чалавека, урачыста абвешчаная 70 гадоў таму, сапраўдны роўная, прызнаецца, паважаецца, абараняецца, падтрымліваецца пры любых абставінах”, - напісаў Папа.

Францішак нагадаў пра існаванне шматлікіх форм несправядлівасці, якія “ўмацоўваюцца рэдукцыйна-антрапалагічнымі поглядамі і эканамічнай мадэллю, заснаванай на прыбытку, які не цураецца эксплуатацыі, адчужэння і нават забойства чалавека”.

“[У той час, як адна частка чалавецтва жыве ў раскошы, годнасць іншых людзей застаецца непрызнанай, пагарджанай, растаптанай, а іх фундаментальныя правы ігнаруюцца ці парушаюцца]”

, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа ўзгадаў пра немаўлят, якім забараняюць прыйсці на свет; людзей, якія не маюць доступу да сродкаў, патрэбных для годнага жыцця; тых, хто не мае магчымасці атрымаць належную адукацыю; несправядліва пазбаўленых працы ці прымушаных працаваць у няволі; вязняў, якія ўтрымліваюцца ў нечалавечых умовах, падвяргаюцца катаванню, пазбаўляюцца магчымасці загладзіць сваю віну; ахвяр гвалтоўнага выкрадання і іх сем’і.

Францішак звярнуў увагу на сітуацыю людзей, да якіх ставяцца з падазронасцю і пагардай, якія пакутуюць ад нецярпімасці, дыскрымінацыі і насілля па прычыне расавай, этнічнай, нацыянальнай ці рэлігійнай прыналежнасці. “Не магу не ўзгадаць пра ўсіх, хто спазнае шматлікія парушэнні сваіх фундаментальных правоў у драматычным кантэксце ўзброеных канфліктаў, у той час, калі бессаромныя гандляры смерцю ўзбагачаюцца за кошт крыві сваіх братоў і сясцёр”, - напісаў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў удзельнікаў форума на розных узроўнях бараніць правы ўсіх людзей, паколькі справядлівасць і салідарнасць – гэта асаблівая місія для кожнага хрысціяніна.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 снежня 2018, 12:16