Пошук

Джавані Марыя Віян Джавані Марыя Віян 

Святы Айцец падзякаваў былому кіраўніку “L’Osservatore Romano”

Папа Францішак скіраваў ліст падзякі і віншаванняў з нагоды Божага Нараджэння прафесару Джавані Марыя Віяну, да нядаўняга часу галоўнаму рэдактару ватыканскай “L’Osservatore Romano”.

“У момант, калі Вы завяршаеце сваю працу ў якасці адказнага рэдактара “L’Osservatore Romano” пасля гадоў шчодрага прысвячэння і вялікай адказнасці, хачу выказаць Вам шчырую ўдзячнасць за любоў і стараннасць, з якімі Вы выконвалі гэтае адказнае заданне”, - гаворыцца ў звароце.

Францішак адзначыў “кампетэнтнасць і прафесіяналізм”, “узорную адданасць вучэнню Касцёла і паслядоўныя хрысціянскія намаганні” спадара Віяна. Ён падзякаваў былому кіраўніку цэнтральнага ватыканскага выдання за “каштоўнае супрацоўніцтва і пастаянную гатоўнасць дапамагчы”, праяўленыя ў працэсе ажыццяўлення рэформ, што закранулі галоўным чынам сферу ватыканскіх СМІ.

Між іншым, Пантыфік падкрэсліў, што спадар Віян як даследчык гісторыі Касцёла і прафесар патрыстычнай літаратуры паспрыяў паляпшэнню якасці інфармацыі і даў больш прасторы галасам, якія заслугоўваюць таго, каб быць пачутымі ў рэлігійнай супольнасці.

“Няхай усведамленне таго, што Вы аддалі ўсю сваю энергію без рэшты выкананню даручанай Вам місіі, напаўняе Вашую душу радасцю і супакоем, а маю – задавальненнем, а таксама ўпэўненасцю, што я змагу і надалей разлічваць на Вашую падтрымку ў выглядзе малітвы і парады”, - напісаў Святы Айцец.

Францішак павіншаваў былога адказнага рэдактара “L’Osservatore Romano” з Божым Наражэннем і надыходзячым Новым годам, пажадаў шчодрых Божых ласкаў і ўдзяліў яму Апостальскае благаслаўленне.

Нагадаем, што пра новыя прызначэнні на ключавыя пасады ў Дыкастэрыі па камунікацыі стала вядома 18 снежня 2018 г. Сярод іх – змена адказнага рэдактара ватыканскай газеты “L’Osservatore Romano” у сувязі з сыходам на пенсію яе шматгадовага кіраўніка Джавані Марыя Віяна. Яго месца заняў 52-гадовы італьянскі аўтар і журналіст Андрэа Монда. Джавані Марыя Віян атрымаў ганаровы тытул дырэктара-эмерыта.

Навіна ў фармаце аўдыё
27 снежня 2018, 14:29