Cerca

Vatican News
Францішак падчас цырымоніі ўручэння даверчых грамат Францішак падчас цырымоніі ўручэння даверчых грамат  (Vatican Media)

Папа прыняў даверчыя граматы новых паслоў пры Святым Пасадзе

Забеспячэнне міру і інтэгральнага развіцця чалавека – дзве нераздзельныя мэты, заўважыў Святы Айцец у прамове да новых паслоў пры Апостальскай Сталіцы, з якімі сустрэўся ў Ватыкане.

13 снежня 2018 г. Францішак прыняў даверчыя граматы новых дыпламатычных прадстаўнікоў Швейцарыі, Мальты, Багамскіх Астравоў, Каба-Вэрдэ, Ісландыі, Туркменістана, Грэнады і Гамбіі.

Звяртаючыся да сваіх гасцей, Пантыфік нагадаў, што сёлета адзначаецца 100-годдзе заканчэння Першай сусветнай вайны, якую Бэнэдыкт XV, яе сучаснік, назваў “бессэнсоўнай бойняй”. Францішак пажадаў, каб урокі дзвюх вялікіх войнаў ХХ ст.“працягвалі пераконваць народы і іх лідараў у бессэнсоўнасці ўзброеных канфліктаў і неабходнасці вырашаць супярэчнасці праз цярплівы дыялог і перамовы”.

Спасылаючыся на 70-годдзе Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, якое адзначалася некалькі дзён таму, Папа пажадаў, каб гэты дакумент працягваў натхняць намаганні міжнароднай дыпламатыі, “накіраваныя на забяспячэнне міру ў свеце і спрыянне інтэгральнаму развіццю кожнага чалавека і ўсіх народаў”. Гэтыя дзве мэты, паводле яго, з’яўляюцца нераздзельнымі.

“Фундаментальна важна, каб павага да чалавечай годнасці і правоў чалавека натхняла і кіравала ўсімі высілкамі дзеля вырашэння цяжкіх сітуацый, звязаных з войнамі і ўзброенымі канфліктамі, прыгнятальнай беднасцю, дыскрымінацыяй і няроўнасцю, якія раняць наш свет і ў апошнія гады ўмацавалі актуальны крызіс масавай міграцыі”

, - сказаў ён.

Святы Айцец нагадаў пра маральны абавязак “прымаць, абараняць, падтрымліваць і інтэграваць тых, хто стукае ў нашыя дзверы ў пошуку бяспечнай будучыні для сябе і сваіх дзяцей”. “Касцёл, са свайго боку, абавязваецца працаваць з кожным адказным суразмоўнікам у канструктыўным дыялогу, накіраваным на прапанову канкрэтных рашэнняў гэтай і іншых тэрміновых гуманітарных праблем, каб ратаваць жыцці і годнасць людзей, памяншаць пакуты, пашыраць сапраўднае і інтэгральнае развіццё”, - запэўніў Францішак новых дыпламатычных прадстаўнікоў пры Святым Пасадзе.

Навіна ў фармаце аўдыё
13 снежня 2018, 12:07