Пошук

Vatican News
Францішак падчас св. Імшы ў ноч Божага Нараджэння Францішак падчас св. Імшы ў ноч Божага Нараджэння  (AFP or licensors)

Папа на Божае Нараджэнне: больш ніколі ніхто не будзе самотным

Божы Сын прыйшоў у свет, каб сказаць нам, што больш ніколі ніхто не будзе самотным: мы маем Пастыра, Які перамагае нашыя страхі і любіць усіх нас, без выключэння, запэўніў папа Францішак.

24 снежня 2018 г. у базыліцы св. Пятра ў Ватыкане Пантыфік узначаліў урачыстую начную св. Імшу з нагоды свята Божага Нараджэння.

У сваёй гаміліі Папа запрасіў вернікаў пайсці ўслед за Юзафам і Марыяй “у горад Давіда, званы Бэтлеем” (Лк 2,4), каб там адкрыць таямніцу Божага Нараджэння.

Назва Бэтлеем азначае “дом хлеба”, патлумачыў Святы Айцец. “У гэтым “доме” Пан назначае сустрэчу з чалавецтвам. Ён ведае, што мы маем патрэбу ў хлебе, каб жыць. Але ведае таксама, што ежа гэтага свету не насычае сэрцаў (...) Няўтольная ненасытнасць прасочваецца праз усю гісторыю чалавецтва, ажно да парадоксаў сённяшняга дня, калі невялікая колькасць балюе ў раскошы і занадта многія не маюць хлеба, каб жыць”, - заўважыў Францішак.

Бэтлеем, па словах Папы, стаўся паваротным пунктам у гісторыі чалавецтва: “там, у доме хлеба, Бог нарадзіўся ў яслях, нібы для таго, каб сказаць нам: “Вось Я для вас як вашая ежа”. (…) Стоячы перад яслямі, мы разумеем, што кормяць жыццё не матэрыяльныя даброты, але любоў; не пражэрлівасць, але міласэрнасць; не багацце для выхваляння, але прастата, якую трэба ахоўваць.

Рэпартаж з базылікі св. Пятра

Пантыфік запрасіў кожнага з прысутных у ноч Божага Нараджэння задаць сабе пытанне: без якой ежы не магу абысціся ў сваім жыцці? Без Бога ці без чагосьці іншага? Ці сапраўды я маю патрэбу ў мностве рэчаў, у складаным ладзе жыцця? Ці магу абысціся без шматлікіх павярхоўных атачэнняў на карысць больш простага жыцця?

“Бэтлеем – гэта сродак супраць страху, бо там, нягледзячы на “не” чалавека, Бог назаўсёды кажа “так”: Ён будзе назаўсёды Богам-з-намі.(...) Сын Давіда нарадзіўся сярод пастухоў, каб сказаць нам, што больш ніколі ніхто не будзе самотным: мы маем Пастыра, Які перамагае нашыя страхі і любіць усіх нас, без выключэння”, - працягнуў Францішак.

Па словах Папы, таму, як сустрэцца з Панам, нас вучаць пастухі. Трэба чуваць, маліцца і чакаць нават у цемры начы і жыццёвых праблем. “Пан любіць, калі Яго чакаюць”, але чакаюць у руху, у пастаянным пошуку, а калі нарэшце дачакаюцца і сустрэнуць, то ідуць абвяшчаць гэта іншым.

“Добры Пастыр, Які на Божае Нараджэнне прыходзіць, каб даць жыццё авечкам, на Пасху звернецца да Пятра, а праз яго і да кожнага з нас, з канчатковым пытаннем: “Ці любіш ты Мяне?” (Ян 21,15). Ад нашага адказу будзе залежаць будучыня статка. (…) Божае Нараджэнне станецца тады, калі змагу сказаць Табе: “Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе” (Ян 21,17)”, - завяршыў сваю гамілію Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
25 снежня 2018, 11:45