Папа Францішак Папа Францішак 

Папа на агульнай аўдыенцыі: малітве трэба вучыцца пастаянна

Нават калі молімся на працягу многіх гадоў, мы павінны не пераставаць вучыцца малітве, падкрэсліў Папа 5 снежня 2018 г., падчас агульнай аўдыенцыі ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Францішак распачаў новы цыкл катэхез, прысвечаных малітве “Ойча наш”. Ён заўважыў, што на старонках Евангелля Езус паказаны як чалавек малітвы. Нягледзячы на неадкладныя просьбы мноства людзей, Ён адчуваў патрэбу ў прабыванні сам-насам з Айцом.

Пантыфік нагадаў, што першы дзень Езуса ў Кафарнауме завяршыўся трыумфальна. Нават калі зайшло сонца, мноства хворых прыходзілі да Яго дзвярэй, а Ён прапаведаваў і аздараўляў. “Споўніліся старажытныя прароцтвы і чаканні вялікай колькасці людзей, якія пакутавалі: Езус – гэта Бог блізкі, Бог, Які вызваляе. Але гэты натоўп быў яшчэ малым, калі параўнаць яго з тым мноствам людзей, якія будуць збірацца вакол прарока з Назарэта. У пэўны момант гэта была акіянічная маса, а Езус быў у цэнтры ўсяго, людзі яго чакалі, быў рэалізацыяй надзеі Ізраіля”, - звярнуў увагу Папа.

“Але Ён вырваўся, не стаў закладнікам чаканняў тых, хто практычна выбраў Яго лідарам. Гэта небяспечна для лідараў: празмерна прывязвацца да людзей, не захоўваць дыстанцыі. Езус усведамляў гэта і не стаў закладнікам людзей. Ад першай ночы ў Кафарнауме Ён прадэманстраваў, што з’яўляецца незвычайным Месіяй. На досвітку, калі амаль пачало світаць, вучні яшчэ шукалі Яго, але не маглі знайсці, пакуль Пётр, нарэшце, не ўбачыў Яго ў адасобленым месцы, цалкам засяроджаным на малітве. Ён сказаў: “Усе шукаюць Цябе!”. Гэты зварот, здаецца, з’яўляецца пацвярджэннем усеагульнага поспеху, доказам добрай рэалізацыі місіі”, - заўважыў Пантыфік.

“[Але Езус сказаў сваім, што павінен ісці ў іншае месца, што не людзі павінны Яго шукаць, але Ён, у першую чаргу, павінен шукаць людзей. Таму не павінен пускаць карані; яму трэба заставацца пастаянным пілігрымам на дарогах Галілеі. А таксама пілігрымам да Айца: маліцца да Яго, ісці шляхам малітвы]”

, - удакладніў Папа.

Паводле Францішак, чытаючы некаторыя старонкі Святога Пісання, разумееш, што менавіта малітва Езуса, Яго блізкасць з Айцом, кіравала ўсім. Асабліва яскрава гэта бачна ў апавяданні пра малітву ў Аліўным садзе, напярэдадні мукі. “Апошні этап шляху Езуса – абсалютна самы складаны з тых, якія Ён прайшоў дагэтуль – здаецца знайшоў свой сэнс у Яго няспынным слуханні Айца”, - сказаў Папа. Ён дадаў, што гэта малітва дапамагла вытрываць і на Крыжовым шляху.

“Езус горача маліўся падчас публічных падзей, удзельнічаў у літургіі свайго народа, але шукаў таксама месцаў, якія спрыяюць рэфлексіі, аддаленых ад віру свету, месцаў, якія б дазволілі Яму ўвайсці ў глыбіню душы: Ён – прарок, Які ведаў камяні пустыні і ўзыходзіў высока ў горы. Апошнімі словамі Езуса, якія прамовіў перад апошнім уздыхам на крыжы, былі радкі псальмаў: словы малітвы, юдэйскай малітвы. Ён маліўся так, як навучыла Яго маці”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Рэпартаж з Зала Паўла VI

Пантыфік перакананы, што Езус маліўся як кожны чалавек у свеце. Але ў тым, як Ён гэта рабіў, была пэўная таямніца, якую не маглі не заўважыць вучні. Менавіта таму яны звярнуліся да Яго з простай і непасрэднай просьбай: “Пане, навучы нас маліцца”. “І Езус не адмаўляе, Ён не раўнуе да сваёй блізкасці з Айцом”, наадварот, прыйшоў дзеля таго, каб увесці чалавека ў гэтыя адносіны. Таму становіцца настаўнікам малітвы для сваіх вучняў і, безумоўна, хоча ім быць таксама для ўсіх нас. Папа заклікаў вернікаў прасіць Хрыста па прыкладу вучняў: “Пане, навучы нас маліцца”.

“[Нават тады, калі, магчыма, мы молімся ўжо шмат гадоў, павінны пастаянна вучыцца! Малітва чалавека, гэта прагненне, якое нараджаецца ў яго душы настолькі натуральна, што з’яўляецца, напэўна, адной з самых глыбокіх таямніц сусвету. І мы нават не ведаем ці малітвы, якія скіроўваем да Бога, гэта тое, што Ён хоча пачуць]”

, - сказаў Папа.

“Біблія дае нам таксама сведчанне пра неадпаведную малітву, якую Бог не прымае: дастаткова ўзгадаць прыпавесць пра фарысея і мытніка. Толькі апошні з іх – мытнік, – вярнуўся з святыні дамоў апраўданым, бо фарысей быў пыхлівым чалавекам, якому падабалася, калі людзі бачаць, як ён моліцца, і таму рабіў выгляд, што моліцца, меў халоднае сэрца. А Езус сказаў: гэты – не будзе апраўданы, “бо кожны, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны”, - нагадаў Пантыфік.

Завяршаючы катэхезу, Францішак яшчэ раз запрасіў вернікаў звярнуцца да Хрыста: “Пане, навучы нас маліцца!”. “А Ён, вядома, не дазволіць, каб гэта наша просьба засталася не выслуханай”, - запэўніў Святы Айцец.

05 снежня 2018, 12:09