Cerca

Vatican News
Лагатып сустрэчы Тэзэ ў Мадрыдзе Лагатып сустрэчы Тэзэ ў Мадрыдзе 

Папа да ўдзельнікаў сустрэчы Тэзэ: жывіце шчодрай гасціннасцю

“Быць блізкімі да гэтага параненага чалавецтва, да адчужаных, да тых, каго выракліся і ізалявалі, да малых і бедных”, заклікаў Папа 15-тысячную групу вернікаў – удзельнікаў 41-й Еўрапейскай сустрэчы Тэзэ.

У гэтым годзе маштабны хрысціянскі моладзевы форум праходзіць з 28 снежня 2018 г. па 1 студзеня 2019 г. у іспанскім Мадрыдзе. На распачацце сустрэчы яе ўдзельнікам быў зачытаны зварот Пантыфіка за подпісам Дзяржсакратара Яго Святасці, кардынала Пьетра Параліна.

Францішак запрасіў маладых людзей прыняць “выклік гасціннасці” і “адчыніць дзверы сэрца Пану і Яго Слову”, “пашыраць культуру сустрэчы”, паважаючы ўласцівую людзям разнастайнасць. Зрабіўшы адсылку да тэмы сёлетняга Тэзэ – “Не будзем забывацца пра гасціннасць”, – Папа ўзгадаў нядаўнюю асамблею Сінода біскупаў па пытанні моладзі, веры і распазнання паклікання, каб у чарговы раз сцвердзіць: Касцёл спадзяецца на маладых вернікаў.

Святы Айцец заахвоціў удзельнікаў сустрэчы Тэзэ ніколі не губляць “смаку асалоды ад сустрэчы, ад сяброўства, смаку сумесных мар і сумеснай хады”. “Сапраўдныя хрысціяне не баяцца адкрыцца іншым, дзяліцца сваёй жыццёвай прасторай, ператвараючы яе ў месцы братэрства”, - напісаў Папа.

Пантыфік пажадаў моладзі ўсвядоміць, што “магчыма жыць шчодрай гасціннасцю, вучыцца ўзбагачацца разнастайнасцю іншых і спрыяць плённасці талентаў, каб станавіцца будаўнікамі мастоў паміж Цэрквамі, рэлігіямі і народамі”.

У сустрэчы Тэзэ прымаюць удзел пратэстанты, католікі і праваслаўныя, таму Папа ўзнёс малітву да Духа Святога з просьбай дапамагчы маладым людзям прымаць адрознасць другога чалавека як “шлях супольнасці”, а саміх вернікаў заклікаў паляпшаць свет з дапамогай уласных талентаў, энергіі і сіл, рабіць так, каб кожны мог знайсці сваё месца ў вялікай чалавечай сям’і.

“Няхай прыклад Марыі, любоў Якой поўная адважнасці і скіравана на прынясенне сябе ў дар, матывуе вас па-сапраўднаму пражываць гэтую любоў, якая падштурхоўвае любіць Бога больш за любую рэч і за нас саміх, любіць людзей, з якімі раздзяляем паўсядзённае жыццё”, - пажадаў Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 снежня 2018, 12:09