Cerca

Vatican News
Папа падчас сустрэчы з вернікамі на малітве "Анёл Панскі" Папа падчас сустрэчы з вернікамі на малітве "Анёл Панскі"  (AFP or licensors)

Папа на “Анёл Панскі”: Адвэнт у чуванні і на малітве

На чуванне і малітву, з якімі католікі павінны перажываць Адвэнт, звярнуў увагу Папа 2 снежня 2018 г. у медытацыі перад “Анёл Панскі”. Ён перасцярог ад спажывецкага падыходу да Божага Нараджэння.

“Сёння пачынаецца Адвэнт, літургічны перыяд падрыхтоўкі да Божага Нараджэння, які схіляе нас узняць вочы і адкрыць сэрцы, каб прыняць Езуса. Адвэнт перажываем не толькі ў чаканні Божага Нараджэння. Мы таксама запрошаны абудзіць чаканне хвалебнага вяртання Хрыста, калі Ён прыйдзе ў канцы часоў, рыхтуючыся да канчатковай сустрэчы з Ім праз паслядоўныя і смелыя рашэнні. Узгадваем Божае Нараджэнне, чакаем хвалебнае вяртанне Хрыста і нашу асабістую сустрэчу ў дзень, калі Пан пакліча нас.

На працягу гэтых чатырох тыдняў мы пакліканы адмовіцца ад абыякавага і схематычнага ладу жыцця, адрадзіць спадзяванні і мары аб новай будучыні. У гэтым ключы гучыць Евангелле сённяшняй нядзелі (Лк 21, 25-28. 34-36) і папярэджвае нас, каб мы не трапілі пад прыгнёт эгацэнтрычнага ладу жыцця і канвульсіўнага рытму дзён. Асабліва ярка гучаць словы Езуса: “Зважайце ж на сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя пахмеллем і п’янствам, і жыццёвымі клопатамі, і каб дзень той не застаў вас неспадзявана, як пастка. (...) Дык чувайце ўвесь час і маліцеся” (Лк 21, 34.36).

Рэпартаж з плошчы св. Пятра

Чуваць і маліцца: вось як трэба жыць у гэты перыяд, з сённяшняга дня і да Божага Нараджэння. Унутраны сон нараджаецца ад пастаяннай сканцэнтраванасці на сабе і замкнёнасці на ўласным жыцці, з яго праблемамі, радасцямі і болем, калі ўвесь час круцімся вакол сябе. І гэта надакучліва, сумна, разбуральна для надзеі. Тут крыніца апатыі і ляноты, пра што кажа Евангелле. Адвэнт заклікае нас чуваць, гледзячы па-за сябе, пашыраючы наш розум і сэрца, адкрыцца да патрэб братоў і імкнуцца да новага свету. Гэта жаданне многіх народаў, закатаваных голадам, несправядлівасцю і вайной. Гэтае жаданне бедных, слабых, пакінутых.

“І зараз зручны час, каб адкрыць нашыя сэрцы і задаць сабе канкрэтныя пытанні аб тым, як і каму мы прысвячаем наша жыццё.”

Другім стаўленнем, якое служыць добраму перажыванню чакання Пана, з’яўляецца малітва. “Выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленне вашае” (Лк 21, 28), - кажа Евангелле. Гаворка ідзе пра тое, каб устаць і маліцца, накіроўваючы нашы думкі і сэрца да Езуса, Які хутка прыйдзе. Мы ўстаём, калі нешта або некага чакаем. Мы з нецярпеннем чакаем Езуса і хочам чакаць Яго ў малітве, цесна звязанай з чуваннем. Малітва, чаканне Езуса, адкрытасць у адносінах да іншых, чуванне і адсутнасць замкнёнасці ў сабе. Але, калі мы думаем пра Божае Нараджэнне ў атмасферы спажывальніцтва, пошуку таго, што купіць, або што зрабіць, каб свята было цудоўным, Езус пройдзе побач, не знойдзем Яго.

“Мы чакаем Езуса і хочам чакаць Яго на малітве, якая цесна звязана з чуваннем.”

Але якая перспектыва нашага малітоўнага чакання? Аб гэтым нам кажуць у Бібліі, перш за ўсё, галасы прарокаў. Сёння гэта голас Ераміі, які гаворыць да народа сур’ёзна дасведчанага выгнаннем, тоеснасць якога стаіць пад пагрозай. І нам, хрысціянам, таксама Божаму народу, пагражаюць секулярызм і страта тоеснасці, і нават “апаганьванне” хрысціянскага стылю. Таму нам патрэбна Слова Божае, якое кажа праз прарока: “Вось надыходзяць дні, калі Я выканаю абяцанне, якое абвясціў. (...) Узгадую для Давіда Парастак Справядлівасці, і будзе ён чыніць правасуддзе і справядлівасць на зямлі” (Ер 33, 14-15). Гэтым Парасткам Справядлівасці з’яўляецца Езус, Які прыходзіць, і якога чакаем.

Няхай Дзева Марыя, якая прыносіць Езуса, жанчына чакання і малітвы, дапаможа нам умацаваць нашу надзею на абяцанні яе Сына Езуса, каб мы адчулі, што праз пакуты гісторыі Бог застаецца верным і выкарыстоўвае чалавечыя памылкі, каб сведчыць сваю міласэрнасць”, - сказаў Папа.

Пасля “Анёл Панскі”, Пантыфік пажадаў вернікам добрага перажывання Адвэнту і папрасіў аб малітве.

Навіна ў фармаце аўдыё
02 снежня 2018, 14:37