Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: Адвэнт – час суцяшальнай навізны і радаснага чакання

“Важна ўмець чакаць Пана. Бога не чакаюць, схаваўшы рукі ў кішэні. Яго чакаюць, жывучы любоўю”, - адзначыў Святы Айцец напярэдадні распачацця Адвэнту.

Сваім разуменнем гэтага надзвычайнага перыяду ў жыцці Каталіцкага Касцёла папа Францішак падзяліўся з групай пілігрымаў з дыяцэзій Уджэнта-Санта-Марыя-дзі-Леўка і Мальфета-Рува-Джавінаца-Тэрліцы паўднёваітальянскага рэгіёну Апулія, якія прыбылі 1 снежня 2018 г. у Ватыкан.

Падчас сустрэчы з імі Пантыфік узгадаў постаць знакамітага біскупа Таніна Бэла, які нёс сваё служэнне ў гэтай частцы Італіі, і ў сваёй прамове не раз спаслаўся на мудрыя выказванні іерарха.

“[Пачынаецца новы літургічны год, які нясе з сабою навіну нашага Бога, які з’яўляецца “Богам усялякага суцяшэння]”

, - нагадаў Святы Айцец і пажадаў сваім гасцям увайсці ў перыяд Адвэнту, кіруючыся наказам, які пакінуў ім Таніна Бэла: ніколі не засмучацца.

Чакаць Божай навізны ў жыцці – цудоўна, працягнуў Папа, аднак гэта не значыць, жыць чаканнямі, якія, магчыма, у рэшце рэшт і не спраўдзяцца. Гэта значыць, жыць у чаканні, іншымі словамі, “прагнуць Пана, які заўсёды нясе навізну. Важна ўмець чакаць Яго. Бога не чакаюць, схаваўшы рукі ў кішэні. Яго чакаюць, жывучы любоўю”, заўважыў Пантыфік.

“[Сапраўдны смутак – гэта калі ўжо больш нічога не чакаеш ад жыцця]”

, працытаваў Францішак біскупа Таніна Бэла і ў працяг гэтай думкі падкрэсліў, што “мы, хрысціяне, закліканы берагчы і распаўсюджваць радасць чакання”.

“Мы чакаем Бога, які нас бясконца любіць, і адначасова Бог чакае нас. Успрынятае такім чынам, жыццё пераўтвараецца ў вялікія заручыны. Мы не пакінутыя сам-насам, мы не самотныя. Нас адведваюць, ужо цяпер. Сёння вы прыбылі да мяне, я чакаў вас і дзякую вам, але Бог наведае вас там, куды я не магу прыехаць: у вашых дамах, у вашым жыцці. Бог наведвае нас і чакае моманту, каб застацца з намі назаўсёды”, - звярнуўся да пілігрымаў Папа.

Францішак пажадаў італьянскім вернікам перажываць Адвэнт як “час суцяшальнай навізны і радаснага чакання”, адкінуўшы ўсе страхі, на якія гэты надзвычайны перыяд адказвае “Евангеллем, супрацьлеглым страху”: “Выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя” (Лк 21,28).

“Жыццё “прыватнае”, пазбаўленае рызыкі і поўнае страхаў, якое бароніць само сябе, не з’яўляецца хрысціянскім. Мы створаныя не для спакойных летуценняў, але для смелых мар”, - сказаў на заканчэнне Святы Айцец. Ён заклікаў пілігрымаў з Апуліі адказаць на заклік Евангелля – устаць, скіраваць свой позірк да неба і выйсці насустрач іншым, служачы для іх крыніцай надзеі і радасці.

Навіна ў фармаце аўдыё
01 снежня 2018, 13:58