Папа падчас св. Імшы ў ноч Божага Нараджэння Папа падчас св. Імшы ў ноч Божага Нараджэння 

Пантыфік узначаліць св. Імшу ў ноч Божага Нараджэння

24 снежня 2018 г. у 21.30 Францішак узначаліць св. Імшу ў ноч Божага Нараджэння. Яна пройдзе ў ватыканскай базыліцы пры ўдзеле духавенства і вернікаў з усіх частак свету.

Эўхарыстыю будуць трансліраваць шматлікія тэлекампаніі па ўсім свеце. Тэлеканалы “Беларусь 1” і “Беларусь 24” пачнуць трансляцыю з Ватыкана ў 23.45 па беларускім часе.

Літургія пачнецца са спеву “Kalenda”, якім абвяшчаецца Божае Нараджэнне, пасля чаго Пантыфік зніме белую тканіну з фігуры Дзіцятка Езуса, размешчанай у яслях, устаноўленых на сімвалічным троне, у цэнтры базылікі. Трон будзе ўпрыгожаны кветкамі, якія прынясуць дзеці з Італіі, Кітая, Панамы, Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, Румыніі і Японіі, апранутыя ў традыцыйныя строі. Побач з фігурай будзе размешчана Евангелле, каб падкрэсліць значэнне вялікай падзеі ночы Божага Нараджэння: уцелаўлення Слова Божага. На заканчэнне эўхарыстычнай цэлебрацыі, Святы Айцец возьме на рукі фігуру Дзіцятка Езуса і аднясе яе ў яслі, у суправаджэнні працэсіі.

Для Францішка гэта будзе шостае Божае Нараджэнне, праведзенае ў Ватыкане, пасля абрання на Пасад св. Пятра.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 снежня 2018, 12:42