Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Пантыфік: мігранты павінны знайсці сваё месца ў грамадстве

Каб вяртаць годнасць і дараваць надзею на будучыню бежанцам і мігрантам, трэба ствараць шырокія адукацыйнай сеткі, перакананы Францішак.

Пра гэта ён казаў артыстам з праекту “Місіі Дона Боска” ва Угандзе і Папскага фонду “Scholas Occurrentes” у Іраку, якіх 14 снежня 2018 г. прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане. Творчая група прадставіць у ватыканскай Зале Паўла VI адмысловы калядны канцэрт.

“Свята Божага Нараджэння заўсёды новае, таму што запрашае нас адрадзіцца ў веры, адкрыцца на надзею, нанова распаліць любоў”, - падкрэсліў Францішак у звароце да сваіх гасцей.

“Гэты год асаблівым чынам заклікае да разважання адносна сітуацыі ўцёкаў, у якой апынуліся многія дарослыя і дзеці – мігранты і бежанцы, вымушаныя ратавацца ад войнаў і галечы, якую спарадзілі сацыяльная несправядлівасць і кліматычныя змены”, - працягнуў Пантыфік.

Рэпартаж з Клеменційскай залы Апостальскага палацу

На гэтую драму Касцёл адказвае шматлікімі ініцыятывамі салідарнасці і гасціннасці, аднак, наперадзе яшчэ шмат працы, якая патрабуе большай каардынаванасці і з’яднанасці.

Вось чаму, перакананы Святы Айцец, трэба ствараць адукацыйныя сеткі. Гэта значыць, выхоўваць і даваць веды мігрантам і бежанцам, каб заўтра яны маглі знайсці годнае месца і працу ў грамадстве; вучыць усіх салідарнасці і гасціннасці, каб гэтыя катэгорыі людзей не зведалі людской абыякавасці ці нецярпімасці; расчыняць вароты лагераў для бежанцаў, каб адкрываць для маладых людзей шляхі ў годную будучыню.

“Ва ўсе часы місія Касцёла выяўлялася таксама ў крэатыўнасці і геніяльнасці артыстаў, бо сваімі выступленнямі яны здольныя сягнуць да самых глыбінь чалавечай свядомасці”, - адзначыў Францішак і заклікаў сваіх гасцей працягваць сваю творчую дзейнасць, “каб запаліць у кожным сэрцы цеплыню і пяшчоту святаў Божага Нараджэння”.

Дабрачынны калядны канцэрт, падрыхтаваны ўдзельнікамі праекту “Місіі Дона Боска” ва Угандзе і Папскага фонду “Scholas Occurrentes” у Іраку, адбудзецца 15 снежня 2018 г. у Ватыкане. Адказнай за яго арганізацыю выступіла Кангрэгацыя Каталіцкай Адукацыі. Сабраныя сродкі будуць накіраваны на арганізацыю прафесійнай падрыхтоўкі бежанцаў у лагеры Палабек ва Угандзе і рэалізацыю шэрагу адукацыйных, культурных і спартыўных ініцыятыў для бежанцаў у лагерах Ірака.

14 снежня 2018, 13:46