Cerca

Vatican News
Папа Францішак Папа Францішак 

Пантыфік да Папскіх акадэмій: больш казаць пра вечнае жыццё

Больш эфектыўна казаць пра вечнае жыццё, заклікаў Францішак у пасланні да ўдзельнікаў XXIII Урачыстага публічнага пасяджэння Папскіх акадэмій, якое прайшло 4 снежня 2018 г. у Рыме.

Такія сходы адбываюцца з 1995 г. Па традыцыі, падчас іх адна з Папскіх акадэмій уручае прэміі за дасягненні ў той сферы навукі, у якой яна спецыялізуецца. Сёлета гэта рабілі Папская тэалагічная акадэмія і Папская акадэміяй св. Тамаша Аквінскага. Лаўрэаты з Італіі і Іспаніі атрымалі свае ўзнагароды з рук кардынала Пьетра Параліна, Дзяржсакратара Яго Святасці.

У сваім пасланні Францішак закрануў тэму сустрэчы: “Вечнасць, іншае аблічча жыцця”. На яго думку, пытанне вечнага жыцця з’яўляецца занядбаным у сучаснай тэалогіі, а таксама ў прапаведніцкай, катэхетычнай і фармацыйнай дзейнасці Касцёла.

“Эсхаталагічная рэфлексія аб вечным жыцці і ўваскрасенні не знаходзіць месца, якога заслугоўвае, у катэхізацыі і цэлебрацыі. Ствараецца ўражанне, што гэта тэма была добраахвотна забыта і занядбана, бо здаецца далёкай, чужой штодзённаму жыццю і сучаснай успрымальнасці”

, - падкрэсліў Папа.

Паводле Францішка, тут “няма чаму здзіўляцца”, бо адным з феноменаў актуальнай культуры, з’яўляецца “закрытасць на трансцэндэнтную перспектыву, засяроджанасць на сабе, прывязанасць выключна да сённяшняга дня, з ігнараваннем ці цэнзураваннем вымярэння мінуўшчыны і, асабліва, будучыні”. І такі падыход характарызуе асабліва моладзь.

Папа звярнуў увагу на манатоннасць і нават сумнасць традыцыйных спосабаў прадстаўлення тэмы вечнага жыцця. Ён заклікаў знайсці новыя метады, больш эфектыўныя і зразумелыя сучаснаму чалавеку. Вечнасць, на думку Францішка, павінна прадстаўляцца ў станоўчым ключы і быць “прывабнай” для сучаснікаў.

Пантыфік заклікаў звяртацца да спадчыны Айцоў Касцёла і іншых вялікіх тэолагаў, каб на сучаснай мове і з належнай глыбінёй казаць пра “прыгажосць Вечнасці” – “сэрца нашай веры, надзею, якая нас натхняе і дае сілы для хрысціянскага сведчання ў свеце”.

“Заклікаю, каб на тэалагічным узроўні, на ўзроўні прапаведавання, катэхізацыі і хрысціянскай фармацыі была адноўлена рэфлексія і цікавасць да вечнасці, без якой вымярэнне сучаснасці становіцца пазбаўленым галоўнай мэты, здольнасці абнаўляцца, надзеі на будучыню”, - падкрэсліў у сваім пасланні Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
05 снежня 2018, 08:36