Папа Францішак з моладдзю Папа Францішак з моладдзю 

Пантыфік да моладзі: будзьце каналам дабрыні і гасціннасці

Бог любіць кожнага з нас – вось сапраўдная, вялікая, добрая навіна, якую Пан прынёс свету праз прыход свайго Сына Езуса, заўважыў Папа падчас сустрэчы з моладдзю руху “Каталіцкая акцыя”.

Аўдыенцыя адбылася 20 снежня 2018 г. у Зале Кансісторыяў, ватыканскага Апостальскага палацу. У ёй прынялі ўдзел каля шасцідзесяці юнакоў і дзяўчат, якія прыбылі разам са сваімі выхавальнікамі, душпастырамі і кіраўніцтвам руху.

Святы Айцец заклікаў сваіх гасцей заўсёды імкнуцца быць сябрамі Езуса, усё больш і больш пазнаваць Яго і штодзённа сустракацца з Ім у малітве, станавіцца Яго місіянерамі і несці ўсім людзям – як аднагодкам, так і дарослым, – пасланне Божага збаўлення і любові да кожнага чалавека.

Францішак высока ацаніў той факт, што ў фармацыйныя праграмы, якія “Каталіцкая акцыя” падрыхтавала для моладзі, уключаны таксама дабрачынныя ініцыятывы, накіраваныя на дапамогу бедным. Ён заклікаў развіваць гэты напрамак дзейнасці.

“Дарагая моладзь, на Божае Нараджэнне Езус яшчэ раз хоча нарадзіцца ў вас, у вашых сэрцах, каб падарыць вам сапраўдную радасць, якой ніхто не зможа забраць. А вы нясіце гэтую радасць іншым юнакам і дзяўчатам, якія перажываюць пакуты, цяжкасці, асабліва тым, каго бачыце найбольш самотнымі і кім найбольш пагарджаюць. Будзьце для ўсіх “каналам” дабрыні і гасціннасці, каб будаваць больш братэрскі, больш салідарны і больш хрысціянскі свет”, - пажадаў маладым удзельнікам руху “Каталіцкая акцыя” Пантыфік.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 снежня 2018, 11:50