Пошук

Vatican News
Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі"  (AFP or licensors)

Пантыфік: чалавек, які верыць, дае перспектыву надзеі

Рыхтаваць дарогу Пану, сеючы вакол сябе зерні міру, справядлівасці і братэрства, заклікаў Францішак перад малітвай “Анёл Панскі”, якая прайшла 9 снежня 2018 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

“У мінулую нядзелю літургія заклікала нас перажыць Адвэнт і чаканне Пана ў чуванні, а таксама з малітвай: “Чувайце і маліцеся” - нагадаў Папа. - Сёння, у другую нядзелю Адвэнта, нам указваецца як канкрэтызаваць гэта чаканне: распачынаючы шлях пакаяння. У якасці правадыра па гэтым шляху Евангелле прадстаўляе Яна Хрысціцеля, які “абходзіў усе ваколіцы Ярдана і прапаведаваў хрост пакаяння для адпушчэння грахоў” (Лк 3,3). Каб апісаць місію Хрысціцеля, евангеліст Лука нагадвае старажытнае прароцтва Ісаі, які кажа: “Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму! Кожная даліна ўзвысіцца, кожная гара і пагорак панізяцца” (Лк 3,4-5).

Каб падрыхтаваць дарогу Пану, Які прыходзіць, неабходна лічыцца з патрабаваннямі пакаяння, да якога заклікае Хрысціцель. Што гэта за патрабаванні?

“[Перш за ўсё мы пакліканы залатаць калдобіны, створаныя халоднасцю і раўнадушшам, адкрываючыся на іншых з тымі самымі пачуццямі, якія меў Езус, гэта значыць з той братэрскай сардэчнасцю і ўвагай, што бярэ на сябе цяжар патрэб бліжняга.]”

Залатаць калдобіны, створаныя халоднасцю. Немагчыма мець адносіны, пазначаныя любоўю, міласэрнасцю, братэрствам у адносінах да бліжняга, калі ёсць расколіны, як і немагчыма ехаць па дарозе з калдобінамі. Трэба змяніць паводзіны. І ўсё гэта трэба рабіць з асаблівым клопатам пра самых патрабуючых. Таксама трэба паменшыць няроўнасці, створаныя пыхай і высакамер’ем. Як шмат людзей з’яўляецца пыхлівымі, грубымі, бессардэчнымі, і нават не ўсведамляюць гэтага. Трэба пераадолець гэта праз канкрэтныя жэсты прымірэння з нашымі братамі, просячы прабачэння за нашы правіны. Прымірыцца нялёгка. Мы заўсёды думаем: “Хто зробіць першы крок?”. Няхай Пан дапаможа нам у гэтым, каб мелі добрую волю. Насамрэч, пакаянне здзяйсняецца, калі вядзе да пакорнага прызнання нашых памылак, нашай нявернасці і занядбанняў.

“[Чалавек, які верыць, гэта той, хто бярэ цяжар брата і, як Ян Хрысціяцель, пракладае дарогу ў пустыні, гэта значыць указвае перспектыву надзеі, нават у безнадзейных жыццёвых кантэкстах, пазначаных крахам і паразай.]”

Мы не можам апускаць рукі перад абліччам негатыўных сітуацый закрытасці і адчужэння; не павінны дазволіць, каб ментальнасць гэтага свету падпарадкавала нас, бо цэнтр нашага жыцця – гэта Езус і Яго слова святла, любові, суцяшэння. Хрысціцель запрашаў да пакаяння людзей свайго часу з сілай, запалам і суровасцю. У той жа час, ён быў здольным слухаць, быў здольным рабіць жэсты ласкавасці і прабачэння ў адносінах да вялікага мноства людзей, якія прыходзілі да яго, каб вызнаць свае грахі і хрысціцца хростам пакаяння.

Сведчанне Яна Хрысціцеля дапамагае нак крочыць наперад у нашым жыццёвым сведчанні. Выразнасць яго прапаведвання, яго адвага ў абвяшчэнні праўды, здолелі абудзіць чаканне і надзею на Месію, што драмала на працягу доўгага часу. Таксама і сёння вучні Езуса пакліканы быць Яго пакорнымі і адважнымі сведкамі, каб распаліць надзею, каб дапамагчы зразумець, што, нягледзячы ні на што, Божае Валадарства працягвае будавацца дзень за днём сілай Святога Духа.

“[Няхай кожны з нас падумае: “Што магу змяніць у сваіх паводзінах, каб падрыхтаваць дарогу Пану?”.]”

Няхай Панна Марыя дапаможа нам дзень за днём рыхтаваць дарогу Пану, пачынаючы з саміх сябе; і сеяць вакол нас, з упартай цярплівасцю, зерні міру, справядлівасці і братэрства”.

Пасля марыйнай малітвы Святы Айцец прывітаў прысутных на ватыканскай плошчы рымлян і пілігрымаў, а затым удзяліў усім сваё благаслаўленне.

Рэпартаж з плошчы св. Пятра ў Ватыкане
Навіна ў фармаце аўдыё
09 снежня 2018, 12:48