Cerca

Vatican News
Законнікі, забітыя ісламістамі ў Алжыры Законнікі, забітыя ісламістамі ў Алжыры  (AFP or licensors)

Ліст Францішка з нагоды беатыфікацыі алжырскіх мучанікаў

Касцёл заўсёды меў вялікую пашану да мучанікаў, якія аддалі жыццё за веру, з любові да Хрыста, напісаў Папа ў лісце да кардынала Анджэла Бэчу, прэфекта Кангрэгацыі па справах кананізацыі.

Пантыфік скіраваў зварот з нагоды беатыфікацыі дзевятнаццаці мучанікаў з Алжыру, якая 8 снежня 2018 г. пройдзе ў горадзе Аран, на поўначы гэтай афрыканскай краіны. Гаворка ідзе пра біскупа П’ера Клаўры, законнікаў і законніц, забітых ісламістамі і вайскоўцамі падчас грамадзянскай вайны ў Алжыры ў перыяд з1994 г. па 1996 г.

Сам Езус, Сын Божы, Які бязвінна цярпеў ад пераследу і жорсткай смерці на крыжы, абвясціў сваім вучням: “Слуга не большы за свайго гаспадара. Калі Мяне пераследавалі, то і вас будуць пераследаваць” (Ян 15,20). Пацвярджэнне гэтых слоў сёння можна бачыць у розных рэгіёнах свету, заўважыў Францішак.

“Пераслед – гэта не рэальнасць з мінулага, таму што і сёння мы пакутуем ад яго, ці то ў жорсткай форме, як многія сучасныя мучанікі, ці то ў форме паклёпу і фальсіфікацыі”, - дадаў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што Касцёл заўсёды асаблівым чынам ушаноўваў мучанікаў, якія сведчылі аб веры і любові да Хрыста аж да праліцця ўласнай крыві. Менавіта так рабілі дзевятнаццаць мучанікаў алжырскай зямлі, якія аддалі свае жыцці, давяраючы словам Езуса: “Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі (...) Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку”, напісаў Пантыфік.

Францішак нагадаў, што яны прабачылі сваіх забойцаў, дэманструючы такім чынам сваю любоў да вечнага жыцця. “Зараз яны ўжо валодаюць тым, што любілі, а калі наступіць уваскрашэнне памерлых, атрымаюць гэта ў паўнаце”, - дадаў Папа, спасылаючыся на словы св. Аўгустына.

Навіна ў фармаце аўдыё
06 снежня 2018, 12:09