Пошук

2018.12.16 Angelus Benedizione bambinello in piazza san Pietro, bambinelli del presepe, gesù Bambino 2018.12.16 Angelus Benedizione bambinello in piazza san Pietro, bambinelli del presepe, gesù Bambino 

Францішак: літургія сённяшняй нядзелі заклікае нас да радасці

Свядомасць таго, што Пан ніколі не адкіне нашыя ўпрошванні - гэта вялікая прычына да радасці, сказаў Францішак перад малітвай “Анёл Панскі”, якая прайшла 16 снежня 2018 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

У гэтую трэцюю нядзелю Адвэнту, літургія запрашае нас да радасці. Пачуйце добра: да радасці. Прарок Сафонія звяртаецца з гэтымі словамі да малой часткі народа Ізраэля: “Радуйся, дачка Сіёна! Трыумфуй, Ізраэль! Весяліся і радуйся ад усяго сэрца, дачка Ерузалема!” (Саф 3, 14). Радавацца, весяліцца - гэта заклік сённяшняй нядзелі. Жыхары святога горада закліканы радавацца, таму што Пан адмяніў свой прысуд. Бог дараваў яму, не хацеў пакараць! Такім чынам для людзей няма ніякіх прычын для смутку, і роспачы, бо ўсё гэта прыводзіць да радаснай падзякі Богу, які заўсёды хоча адкупіць і збавіць тых, якіх любіць. А любоў Пана да свайго народа ёсць няспынная. Яе можна параўнаць да пяшчотнай любові айца да дзяцей, жаніха да сваёй нявесты, як кажа прарок Сафонія: “Будзе вельмі радавацца табе, узрушаны ў любові сваёй, будзе цешыцца табою ў весялосці, як у святочны дзень” (Саф 3, 17). Гэта нядзеля радасці, як яе называюць.

Гэты заклік прарока асабліва адпаведны ў той момант, калі мы падрыхтоўваемся да свята Божага Нараджэння, таму што тычыцца Езуса, Эмануіла, Бога з намі: “Яго прысутнасць - гэта крыніца радасці”. Сапраўды Сафонія абвясціў: “кароль Ізраэля, Пан пасярод цябе” і зараз зноў паўтарае: “Пан Бог твой сярод цябе, Магутны, Ён збавіць” (Саф 3,15- 17). Гэтае пасланне знаходзіць сваё поўнае значэнне ў моманце Звеставання Марыі, што апісвае евангеліст Лука. Словы скіраваныя анёлам Габрыэлям да Панны Марыі з’яўляюцца быццам бы рэхам прарока Сафонія. Што гаворыць арханёл Габрыэль?: “Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою” (Лк 1, 28). Гэта значыць радуйся, кажа да Панны Марыі. У глыбокай вёсцы Галілеі, у сэрцы невядомай свету маладой жанчыны, Бог запаліў іскру шчасця для ўсяго свету. І сёння тая ж самая навіна скіравана да Касцёла, які пакліканы прыняць Евангелле, каб яно станавілася целам, канкрэтным жыццём, і кажа Касцёлу і ўсім нам: “Радуйцеся, невялікія хрысціянскія супольнасць, бедная і пакорная, але прыгожыя ў маіх вачах, таму што горача жадаеш майго Каралеўства, маеш голад і смагу справядлівасці, цярпліва пераносіш інтрыгі міру, не ідзеш за цяперашнімі магутнымі, але трываеш верна на боку бедных. Нічога не баішся, а тваё сэрца радуецца”. Калі мы будзем так жыць, у прысутнасці Пана, нашае сэрца заўсёды будзе ў радасці. Радасці высокага ўзроўню, поўнай, радасць сьціплая кожны дзень, гэта значыць супакой. Супакой з'яўляецца самай маленькай радасцю, але гэта радасць.

Таксама св. Павел заклікае нас сёння, каб мы ні аб чым не хваляваліся, але ў любых абставінах падавалі Богу ўсе нашыя жаданні, нашыя патрэбы, нашыя боязі “з “малітвай і просьбай”. Свядомасць таго, што ў цяжкасцях мы заўсёды можам звяртацца да Пана і што Ён ніколі не адкіне нашыя малітвы з’яўляецца вялікай прычынай да радасці. Ніякі неспакой, ніякі страх ніколі не адыме ад нас спакою, які прыходзіць ад свядомасці, што Бог з любоў’ю заўсёды кіруе нашым жыццём. Таксама сярод праблемаў і пакутаў гэтая ўпэўненасць сілкуе надзею і адвагу.

Але, каб прыняць заклік Пана да радасці, мы павінны быць людзьмі гатовымі задаць сабе пытанне. Што гэта значыць? Так як тыя, хто пасля выслухання казання Яна Хрысціцеля, яго пыталіся: “Што мы павінны рабіць?” (Лк 3, 10). Гэтае пытанне з’яўляецца першым крокам да навяртання, якое мы пакліканы рабіць у гэтым перыядзе Адвэнту. Кожны з нас спытае сябе самога: што павінен рабіць? Няхай Дзева Марыя, наша маці, дапаможа нам адкрыць нашы сэрцы да Бога, які прыходзіць, каб напоўніць ўсё нашае жыццё радасцю.

Пасля марыйнай малітвы Святы Айцец нагадаў, што на мінулым тыдні ў Маракеш, Марока, праходзіў міграцыйны саміт ААН, на якім была прынята Глабальная дамова па бяспечнай, упарадкаванай і рэгуляванай міграцыі, якая хоча ўстанавіць рамкавыя правілы для міжнароднай супольнасці. “Я жадаю, каб таксама пры дапамозе гэтае прылады яна дзейнічала адказна, салідарна і са спачуваннем да тых, хто па розных прычынах пакінулі сваю краіну і я даручаю гэтую інтэнцыю вашым малітвам”, - сказаў Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
16 снежня 2018, 14:25