Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

2018-ы Святога Айца Францішка

Якім быў 2018-ы для Францішка? Беларуская рэдакцыя VaticanNews узгадала асноўныя дакументы, падзеі і рашэнні Святога Айца, якія сталі вызначальнымі для місіі Касцёла.

Год Пантыфік распачаў з публікацыі ў сярэдзіне студзеня сваёй Апостальскай канстытуцыі “Veritatis gaudium”, аб касцёльных універсітэтах і факультэтах. Ён заклікаў каталіцкія вышэйшыя навучальныя ўстановы здзейсніць сапраўдную “культурную рэвалюцыю”, быць больш місійнымі, здольнымі весці дыялог з грамадствам, развіваць міждысцыплінарны характар і ствараць сеткі супрацоўніцтва ў свеце.

У лютым Францішак сваім дакументам “Іmparare a congedarsi” ўнёс змены ў парадак адстаўкі з касцёльных пасадаў, на якія прызначае асабіста Пантыфік. Ён вырашыў, што нунцыі, біскупы і кардыналы, якія працуюць у рымскай курыі, не пераходзяць аўтаматычна на пенсію, калі ім споўніцца 75 гадоў. Папа, калі ён палічыць гэта неабходным, можа даверыць ім працягваць выконваць абавязкі.

У красавіку выйшла Апостальская адгартацыя “Gaudete et exsultate”, аб пакліканні да святасці ў сучасным свеце. Мы становімся святымі, калі жывём евангельскімі благаслаўленнямі – гэта галоўны шлях, таму што ён вядзе супраць плыні гэтага свету, падкрэсліў Святы Айцец у дакуменце.

У чэрвені Папа пашырыў групу кардыналаў-біскупаў. Менавіта з іх шэрагу абіраецца дэкан Калегіі кардыналаў. Францішак дапоўніў групу чатырма іерархамі, якія працуюць у рымскай курыі: Пьетра Паралінам, Леанарда Сандры, Маркам Уэле і Фернанда Філоні.

У жніўні Пантыфік унёс змены ў фрагмент Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, які датычыць смяротнага пакарання. “Касцёл, у святле Евангелля, вучыць, што смяротнае пакаранне недапушчальнае, бо з’яўляецца замахам на непарушнасць і годнасць чалавека, і з рашучасцю спрыяе яго адмене ва ўсім свеце”, - гаворыцца ў новай рэдакцыі параграфа 2267.

20 жніўня Папа абвясціў “Ліст да народа Божага”, у якім заклікаў да малітвы і пакаяння за грахі Касцёла. “Гледзячы ў мінулае, ніколі не будуць дастатковымі просьбы аб прабачэнні і выпраўленні нанесенай шкоды. Зазіраючы ў будучыню, ніколі не будзе дастаткова таго, што мы робім, каб стварыць культуру, здольную прадухіліць падобныя сітуацыі”, - напісаў ён.

У верасні была апублікавана Апостальская канстытуцыя “Episcopalis communio”, аб структуры Сінода Біскупаў. Новы дакумент прадугледжвае, што акрамя Звычайных, Надзвычайных і Спецыяльных Асамблей, калі існуюць прычыны экуменічнага характару, магчыма правядзенне іншых сінадальных сходаў. Пантыфік можа паклікаць на Сінод асоб, якія не з’яўляюцца біскупамі, у кожным асобным выпадку асабіста акрэсліваючы іх ролю. Ён можа пастанавіць, каб пасяджэнне адбывалася ў некалькі этапаў. У новай Канстытуцыі гаворыцца таксама пра тры фазы Сінода: падрыхтоўчую, цэлебратыўную і рэалізацыйную.

У кастрычніку Францішак прыняў удзел у Сінодзе Біскупаў на тэму моладзі. На ім быў прыняты выніковы дакумент, што змяшчае канкрэтныя прапановы на тэму душпастыртсва моладзі ў сучасным свеце. Таксама быў абвешчаны кароткі Ліст да моладзі, у якім гаворыцца, сярод іншага, што Касцёле і свет, маюць вострую патрэбу ў энтузіязме маладых людзей.

У снежні Папа рэарганізаваў Ватыканскі Губернатарат. Прынцыпамі і крытэрыямі рэформы сталі: рацыяналізацыя, эканомія, спрашчэнне, функцыянальнасць, транспарэнтнасць, нарматыўная паслядоўнасць і арганізацыйная гібкасць. Былі спрошчаны бюракратычныя працэдуры і ўведзены новыя механізмы кантролю. Адбылося скарачэнне колькасці дырэкцый і аддзелаў.

Аб намаганнях Касцёла па барацьбе са злоўжываннямі духавенства заявіў Францішак падчас традыцыйнай перадсвяточнай сустрэчы з супрацоўнікамі Рымскай курыі. Ён узгадаў і шмат дасягненняў Касцёла ў адыходзячым годзе: Сінод Біскупаў, чарговыя крокі па рэфармаванні Рымскай курыі, добрыя вынікі Ватыканскага банка, новыя ватыканскія законы...

Навіна ў фармаце аўдыё
26 снежня 2018, 13:39