Візіт пройдзе па запрашэнні мараканскага караля Мухамеда VI і мясцовых біскупаў. У рамках падарожжа Папа наведае два гарады: Рабат і Касабланку. Больш падрабязная праграма візіту будзе абнародавана пазней. Гаворка ідзе пра 26-е замежнае падарожжа Святога Айца.
Францішак наведае Марока праз 33 гады пасля візіту ў гэту мусульманскую краіну св. Яна Паўла ІІ, які меў велізарнае значэнне для развіцця дыялогу паміж вызнаўцамі хрысціянства і ісламу. Падчас сустрэчы з мусульманскай моладдзю на стадыёне ў Касабланцы, Ян Павел ІІ казаў, што, нягледзячы на шматлікія непаразуменні і нават войны паміж вызнаўцамі абедзвюх рэлігій, якія мелі месца ў мінулым, хрысціяне і мусульмане маюць шмат супольнага, “як вернікі і людзі”.