Cerca

Vatican News
Афіцыйны лагатып Сусветных дзён моладзі ў Панаме Афіцыйны лагатып Сусветных дзён моладзі ў Панаме 

Сусветныя дні моладзі: пасланне Папы і праграма візіту ў Панаму

Папа скіраваў спецыяльнае відэапасланне, прымеркаванае да Сусветных дзён моладзі, якія адбудуцца ў Панаме праз два месяцы. У ім гучаць тры “марыйных” заклікі Францішка да маладых людзей.

Трэба адзначыць, што ўпершыню пасланне Пантыфіка ў рамках падрыхтоўкі да глабальнага моладзевага форуму выйшла ў форме відэазвароту; і гэта сугучна з нядаўнім Сінодам, на якім падкрэслівалася, што Касцёл павінен размаўляць з новымі пакаленнямі на блізкай для іх мове.

У відэароліку Святы Айцец звяртаецца да ўсёй моладзі свету – вернікаў і няверуючых – запрашаючы карыстацца каштоўнасцямі, характэрнымі маладосці. Ён заклікае маладых людзей да гатоўнасці служыць іншым і рэалізацыі гэтага на практыцы. “Аддаваць сябе служэнню іншым, азначае не толькі гатоўнасць дзейнічаць; трэба таксама ўступіць у дыялог з Богам, умець слухаць, як Марыя. Яна пачула тое, што сказаў ёй анёл, а затым дала адказ”, - тлумачыць Францішак у відэапасланні.

Відэапасланне Папы перад Сусветнымі днямі моладзі

У Ватыкане таксама абнародавалі праграму візіту Папы ў Панаму, які пройдзе з 23 па 28 студзеня 2019 г. Першы “працоўны” дзень, 24 студзеня, будзе прысвечаны афіцыйным мерапрыемствам: Францішак сустрэнецца з прэзідэнтам Панамы, наведае Міністэрства замежных спраў. Потым адбудзецца яго сустрэча з біскупамі Цэнтральнай Амерыкі. Увечары на полі Санта-Марыя-ла-Антыгуа Пантыфік узначаліць цырымонію афіцыйнага адкрыцця 34-х Сусветных дзён моладзі.

25 студзеня папа Францішак распачне з пакутнага набажэнства ў вязніцы для непаўналетніх Лас-Гарсас у Пакары, на ўсход ад сталіцы. Увечары ён узначаліць Крыжовы шлях з моладдзю.

26 студзеня Папа будзе цэлебраваць Эўхарыстыю ў катэдры Санта-Марыя-ла-Антыгуа з удзелам духавенства, кансэкраваных асоб, прадстаўнікоў касцёльных рухаў. Абед Святы Айцец правядзе з моладдзю ў Вышэйшай духоўнай семінарыі Сан-Хасэ. Увечары ён узначаліць традыцыйнае для Сусветных дзён моладзі вігілійнае чуванне.

27 студзеня раніцай Францішак будзе цэлебраваць заключную св. Імшу моладзевага форуму. На гэты дзень запланавана яшчэ два мерапрыемствы: візіт у Дом добрага самараніна і сустрэча з валанцёрамі. Пасля гэтага Святы Айцец развітаецца з Панамай і накіруецца ў Рым.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 лістапада 2018, 12:38