Бэта версія

Cerca

Vatican News
Папа падчас св. Імшы за памерлых кардыналаў і біскупаў Папа падчас св. Імшы за памерлых кардыналаў і біскупаў  (ANSA)

Пантыфік: жыццё – гэта час для ўзрастання ў любові

Падрыхтавацца да сустрэчы з Хрыстом і не задавальняцца жыццём без любові, заклікаў Папа падчас Імшы, якую цэлебраваў у інтэнцыі 9 кардыналаў і 154 біскупаў, што памерлі на працягу мінулага года.

Урачыстая літургія прайшла 3 лістапада 2018 г. у базыліцы св. Пятра. У гаміліі Папа спаслаўся на евангельскую прыпавесць пра дзесяць паннаў, якія, узяўшы светачы, выйшлі насустрач жаніху (Мц 25,1-13). Ён зазначыў, што пакліканне да выйсця тычыцца ўсіх, асабліва слугаў Евангелля, якія пакідаюць бацькоўскі дом і пастаянна накіроўваюцца туды, куды Касцёл іх пасылае, аж да самай смерці.

Мэтай “выйсця” для чалавека з’яўляецца сустрэча з Жаніхом – Езусам, які любіць Касцёл і аддаў за яго жыццё. Менавіта яна дае сэнс і напрамак жыццю, з’яўляецца заканчэннем, якое асвятляе шлях да мэты, заўважыў Францішак.

Святы Айцец перакананы, што шлях да сустрэчы з Езусам “нам даецца, каб узрасталі ў любові”. “Галоўнае ў жыцці – слухаць голас Жаніха. Ён заклікае нас штодзённа імкнуцца разглядзець Пана, які надыходзіць, і ператвараць усю нашу дзейнасць у падрыхтоўку да вяселля з Ім”, - сказаў Пантыфік.

Спасыдаючыся на евангельскую прыпавесць, Папа зазначыў, што для паннаў, якія чакалі жаніха, важнай была не вопратка, і нават не светачы, але алей, без якога не магло быць святла.

“Што значыць для нас гэта? А тое, што перад Панам мае значэнне сэрца, а не тое, што звонку. Тое, што шукае і чым хваліцца свет – ушанаванні, сіла, знешні вобраз, хвала – мінае, не пакідаючы нічога. Неабходна дыстанцыравацца ад марнай вонкавасці, каб падрыхтавацца да Неба”, - сказаў Пантыфік.

“Трэба сказаць “не” культуры фальшы, якая вучыць нас клапаціцца пра знешняе. Павінна быць ачышчаным і захаваным сэрца, унутраны свет чалавека, каштоўны ў вачах Бога, а не знешні, які згіне”

, - дадаў ён.

Працягваючы каментаваць евангельскую прыпавесць Францішак зазначыў, што алей прызначаецца для таго, каб гарэць і даваць святло. Таксама і жыццё чалавека, выдае святло, калі ён служыць іншым.

“Служэнне – гэта ўваходны білет на вяселле ў вечнасці. Тое, што застаецца ад жыцця на парозе вечнасці – гэта не тое, што мы зарабілі, але тое, што падарылі. Сэнс жыцця ў тым, каб адказаць на Божую прапанову любові. Адказ выяўляецца ў нашай любові, дары сябе, служэнні. Служэнне мае вялікі кошт, бо для яго трэба цалкам прысвяціць сябе, спаліць, але ў нашым служэнні не будзе здольны на жыццё той, хто не жыве, каб служыць. Той, хто празмерна клапоціцца пра сваё жыццё, губляе яго”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік папярэдзіў аб небяспецы спакусы бестурботнага і камфортнага жыцця.

“Шэрае жыццё, прывычнае, якое задавальняецца толькі выкананнем абавязкаў, без прынясення сябе ў дар, не вартае Жаніха”

, - сцвердзіў Папа.

Францішак зазначыў, што сярод памерлых на працягу мінулага году кардыналаў і біскупаў было шмат такіх, якія служылі ад усяго сэрца і дзень за днём рыхтаваліся да сустрэчы з Панам.

“Ідучы за прыкладам гэтых сведкаў, якіх, дзякуй Богу ёсць шмат, не будзем задавольвацца мімалётным позіркам на сённяшні дзень. Будзем жа прагнуць такога позірку, які глядзіць далей, у кірунку весельнай вячэры, якая нас чакае. Жыццё, прасякнутае прагненнем Бога і натрэніраванае любоўю, будзе гатовым увайсці ў дом Жаніха, і гэта назаўжды”, - сказаў Папа на заканчэнне сваёй гаміліі.

Рэпартаж з базылікі св. Пятра
Навіна ў фармаце аўдыё
03 лістапада 2018, 14:12