Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: вада, як тавар – сорам для чалавецтва ХХІ стагоддзя

Вада – фундаментальная для жыцця, нагадаў Папа ў пасланні да ўдзельнікаў канферэнцыі, прысвечанай доступу да пітной вады, якая 8 лістапада 2018 г. праходзіць у Папскім універсітэце “Урбаніянум” у Рыме.

“У многіх рэгіёнах свету нашы браты і сёстры не могуць весці годнага жыцця менавіта па прычыне адсутнасці доступу да чыстай вады. Драматычнай з’яўляецца статыстыка смагі, асабліва ў сітуацыях людзей, якія пачынаюць хварэць і часта паміраюць з-за шкоднай для здароўя вады, гэта велізарны сорам для чалавецтва ХХІ стагоддзя”, - напісаў Папа.

Францішак звярнуў увагу на парадаксальную сітуацыю: у многіх краінах, дзе насельніцтва не мае рэгулярнага доступу да пітной вады, не існуе праблем з забеспячэннем зброяй і боепрыпасамі, што яшчэ больш пагаршае сітуацыю.

“Карупцыя і інтарэсы эканомікі, якая адчужае і забівае, вельмі часта дамінуюць над высілкамі, якія ў духу салідарнасці закліканы гарантаваць доступ да вады. Статыстыка па смазе мабілізуе да волі і рашучасці, а таксама да ўсіх інстытуцыйных, арганізацыйных, адукацыйных, тэхналагічных і фінансавых намаганняў, якія змогуць яе паменшыць”, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што Каталіцкі Касцёл і Святы Пасад спрыяюць паўсюднаму доступу да пітной вады. “Гэта дзейнасць праяўляецца ў шматлікіх ініцыятывах, такіх як будаванне інфраструктуры, фармацыя, абарона, дапамога людзям у стане небяспекі, выкліканай недастатковым доступам да вады, сярод якіх мігранты, і закліках да сукупнасці этычных эталонаў і прынцыпаў, што вынікаюць з Евангелля і здаровай антрапалогіі”, - дадаў Папа.

Паводле Францішка, адпаведная антрапалогія з’яўляецца неад’емнай для адказнага і салідарнага стылю жыцця, для сапраўднай экалогіі і прызнання доступу да пітной вады ў якасці права, што вынікае з самой чалавечай годнасці. Такі падыход несумяшчальны з успрыманнем вады ў якасці звычайнага тавару, падкрэсліў Пантыфік.

“Евангельскія прынцыпы і каштоўнасці павінны весці да канкрэтных дзеянняў кожнага чалавека ў кірунку агульнага дабра ўсёй чалавечай сям’і. З пункту гледжання веры, у кожным сасмаглым мы распазнаём вобраз Бога, як чытаем у Евангеллі ад св. Мацвея: “Прагнуў, і вы не напаілі Мяне”, - зазначыў Папа.

Спасылаючыся на міжрэлігійны і міжкультурны характар канферэнцыі, Святы Айцец заклікаў яе ўдзельнікаў не забывацца пра сімвалізм і сацыяльнае, духоўнае і культурнае значэнне вады.

Форум арганізаваны Дыкастэрыяй па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека ў супрацоўніцтве з пасольствамі Францыі, Італіі, Манака і ЗША пры Святым Пасадзе.

Навіна ў фармаце аўдыё
08 лістапада 2018, 12:13