Бэта версія

Cerca

Vatican News
Папа падчас візіту на рымскія Лаўрэнтынскія могілкі Папа падчас візіту на рымскія Лаўрэнтынскія могілкі   (ANSA)

Папа ва ўспамін усіх памерлых: памятаць пра карані і не губляць надзею

Ва ўспамін усіх памерлых, які адзначаўся 2 лістапада 2018 г., Папа ўзначаліў св. Імшу на рымскіх Лаўрэнтынскіх могілках – трэціх па велічыне ў Вечным горадзе.

Перад літургіяй Святы Айцец памаліўся і ўсклаў белыя кветкі ля магіл ненароджаных дзяцей. На Лаўрэнтынскіх могілках для іх вылучана асобная частка, якая называецца “Сад анёлаў”. Затым ён ушанаваў месца пахавання дзяцей, якія памерлі ў малым узросце. Францішак таксама сустрэўся з бацькамі некаторых з іх.

У кароткай, імправізаванай гаміліі, Пантыфік зазначыў, што ўспамін усіх памерлых, гэта дзень памяці пра мінулае, пра людзей, ад якіх атрымалі жыццё. Памяць дае сілу, каб адчуваць сябе ўкаранёнымі ў гісторыі, адчуваць, што мы не самотныя, але частка народа, людзі з каранямі і мінуўшчынай.

Успамін усіх памерлых з’яўляецца таксама днём надзеі на новае неба і новую зямлю, на новы Ерузалем, які сыходзіць з вышыняў, прыгожы, як маладая нявеста.

“Нас чакае прыгажосць... Памяць і надзея, надзея на сустрэчу, надзея, што прыйдзем туды, дзе ёсць любоў, якая нас стварыла, дзе ёсць любоў, якая нас чакае: любоў Айца”

, - сказаў Францішак.

Паміж памяццю і надзеяй знаходзіцца шлях, якім мы крочым зараз, заўважыў Святы Айцец. Паводле яго, не збочыць з гэтага шляху дапамагаюць евангельскія благаслаўленні, якім навучыў Езус: лагоднасць, убогасць духам, справядлівасць, міласэрнасць, чыстасць сэрца. “Гэта аненьчыкі, якія нам спадарожнічаюць, каб не згубілі дарогу”, - падкрэсліў Папа.

Пасля св. Імшы на Лаўрэнтынскіх могілках Францішак вярнуўся ў Ватыкан, дзе памаліўся ў гротах базылікі св. Пятра – месцы, дзе спачываюць шматлікія Папы.

Рэпартаж аб візіце Папы на рымскія Лаўрэнтынскія могілкі
Навіна ў фармаце аўдыё
03 лістапада 2018, 10:33