Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Папа: свет патрабуе служэння кляўзуровых кляштараў

Кляўзуровыя супольнасці ўзбагачаюць Касцёл плёнам святасці, міласэрнасці і ласкі, падкрэсліў Папа ў пасланні да ўдзельнікаў форуму, які 21 лістапада 2018 г. прайшоў у Папскім латэранскім універсітэце.

Сустрэча была прымеркаваная да Дня “pro Orantibus”, які адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле ў літургічны ўспамін Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі і прысвечаны асаблівай малітве за кляўзуровыя кляштары. Карыстаючыся нагодай, Папа высока ацаніў значэнне іх жыцця для Касцёла і свету.

“Што было б з Касцёлам без кантэмпляцыйнага жыцця? Што было б з самымі слабымі членамі Касцёла, якія ў вас знаходзяць падтрымку, каб працягваць свой шлях? Што было б з Касцёлам і светам без маякоў, якія ўказваюць месца знаходжання порту для тых, хто згубіўся ў моры; без паходняў, якія асвятляюць цёмную ноч, праз якую праходзім; без агеньчыкаў, якія абвяшчаюць пачатак новага дня, калі яшчэ працягваецца ноч?”, - спытаў Францішак.

“Дзякую, кляўзуровыя браты і сёстры, за тое, што з’яўляецеся ўсім гэтым для свету: падтрымкай для слабых, маякамі, паходнямі і агеньчыкамі. Дзякую за тое, што ўзбагачаеце нас багатым плёнам святасці, міласэрнасці і ласкі”

, - напісаў Папа.

Францішак пажадаў, каб кантэмпляцыйныя манаскія супольнасці былі “сапраўднай школай сузірання і малітвы”. “Свет і Касцёл вельмі вас патрабуюць”, - сказаў ён.

Асаблівую ўвагу ўдзельнікаў рымскай канферэнцыі Папа звярнуў на выклік, звязаны з фармацыяй, у тым ліку настаяцеляў. Акрамя таго, неабходна грунтоўнае суправаджэнне кандыдатаў да манаскага жыцця, без трывогі па прычыне малой колькасці асоб, якія адказваюць на гэта асаблівае пакліканне.

“Каб ваша кантэмпляцыйнае жыццё было значным для Касцёла і сучаснага свету, неабходна ставіць на фармацыю, адпаведную патрэбам цяперашняга часу: фармацыю інтэгральную, персаналізаваную і звязаную з добрым суправаджэннем. Такая фармацыя ўмацуе і абароніць вашу творчую вернасць атрыманаму харызмату, як кожнай законніцы, так і цэлай супольнасці”, - параіў Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 лістапада 2018, 15:01