Cerca

Vatican News
Папа Францішак Папа Францішак 

Папа: сапраўдная радасць – плён логікі служэння

Радасць – гэта “каштоўная жамчужына” хрысціяніна. Мы ўсе маем патрэбу ў сапраўднай радасці, а не той эфемернай, “што крочыць пад руку з духам гэтага свету і спажывальніцтвам”, падкрэсліў Папа.

Святы Айцец напісаў прадмову да кнігі “Крыха радасці... каб была поўнай” (Un briciolo di gioia... purché sia piena) аўтарства кс. Маўрыцыа Мірылі. У ёй святар разважае аб дары евангельскай радасці і запрашае чытачоў адкрыцца на яе.

Пробашч адной з рымскіх парафій, разам з групай законніц і свецкіх вернікаў, заснаваў цэнтр дапамогі для няпоўнаспраўных з кварталу, у якім нясе душпастырскае служэнне. 6 мая 2018 г. Папа наведаў яго парафію і благаславіў ініцыятыву. Святар распавёў Пантыфіку, што напісаў кнігу аб хрысціянскай радасці і людзях, якія нясуць яе ў свет, нягледзячы на пакуты і дыскрымінацыю з боку грамадства. Праз некалькі дзён кс. Маўрыцыа нечакана атрымаў канверт, у якім ляжала прадмова да яго кнігі, напісаная асабіста Папам.

Паводле Святога Айца, жыццё без радасці будзе нагадваць страву без духмянасці і смаку. Гаворка ідзе пра пачуццё, якое не мае нічога агульнага з ілюзорнасцю, мімалётнасцю і пустатой, якую прапануе дух гэтага свету.

“У гэтай кнізе гаворыцца пра сапраўдную радасць, якая напаўняе сэрца чалавека, калі ён адчувае, што яго любяць, і сам любіць па-сур’ёзнаму; пра радасць, якую Езус нам пакінуў у дар праз свае жыццё і вучэнне”

, - нагадаў Францішак.

Паводле Пантыфіка, сапраўдная радасць – гэта плён Божай міласэрнасці. “Гэта каштоўная жамчужына, якую атрымліваем, калі ўваходзім у логіку служэння і дорым сябе”, - напісаў ён. Францішак лічыць, што нават крыха такой радасці больш каштоўная за ўсю разам узятую мімалётную радасць гэтага свету.

Навіна ў фармаце аўдыё
22 лістапада 2018, 12:16