Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Папа пажадаў пакістанскім праваабаронцам сціплай і мужнай веры

Францішак сустрэўся 30 лістапада 2018 г. у Ватыкане з прадстаўнікамі асацыяцыі “Місія Шахбаза Бхаці”, названай імем пакістанскага хрысціяніна і праваабаронцы, забітага ісламістамі.

Пантыфік працытаваў словы з Евангелля св. Яна: “Калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён”. Ён патлумачыў, што гаворка ідзе пра “плён дыялогу, узаемаразумення, прымірэння; плён сілы, мужнасці і лагоднасці”.

Місія хрысціян у сучасным свеце – будаваць масты братэрства і дыялогу з іншымі вернікамі, дзеля ўмацавання адносін павагі і ўзаемнага даверу, пераадольваючы моўныя, культурныя і рэлігійныя адрозненні, нагадаў Пантыфік.

Францішак заклікаў прадстаўнікоў асацыяцыі трымацца прыкладу Шахбаза Бхаці, аказваючы дапамогу ахвярам ілжывых абвінавачванняў і знаходзячы канкрэтныя спосабы барацьбы з беднасцю і сучаснымі формамі рабства. Ён выказаў надзею, што праваабаронцы пашыраць сваю дзейнасць у тых раёнах Пакістану, дзе хрысціяне і іншыя меншасці падвяргаюцца дыскрымінацыі. Папа пажадаў сваім гасцям “сціплай і мужнай веры ў Пана Езуса і здольнасці несці любоў замест нянавісці”.

Шахбаз Бхаці – пакістанскі дзяржаўны дзеяч, першы і адзіны хрысціянскі міністр ва ўрадзе Пакістана. Забіты баевікамі за крытыку закона аб блюзнерстве падчас падзей па справе Асіі Бібі.

Навіна ў фармаце аўдыё
30 лістапада 2018, 12:52