Францішак і Рэўвен Рыўлін падчас сустрэчы ў Ватыкане Францішак і Рэўвен Рыўлін падчас сустрэчы ў Ватыкане 

Папа і Прэзідэнт Ізраіля абмеркавалі сітуацыю на Блізкім Усходзе

15 лістапада 2018 г. Святы Айцец Францішак прыняў Рэўвена Рыўліна, Прэзідэнта Дзяржавы Ізраіль. Палітык сустрэўся таксама з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам.

Падчас шчырых размоў падкрэсліваліся добрыя адносіны паміж Святым Пасадам і Ізраілем – набліжаецца 25-я гадавіна іх афіцыйнага ўстанаўлення. Было выказана спадзяванне на дасягненне “здавальняючых дамоўленасцей па некаторых пытаннях, якія прадстаўляюць агульны інтарэс”, паміж органамі дзяржаўнай улады і мясцовай каталіцкай супольнасцю ў Ізраілі.

Адзначалася важнасць умацавання ўзаемнага даверу напярэдадні аднаўлення перамоў паміж ізраільцянамі і палестынцамі, што важна для пагаднення, “якое будзе паважаць законныя спадзяванні народаў абедзвюх краін”. Абмяркоўвалася і пытанне Іерусаліму, рэлігійнае і гуманітарнае значэнне горада для юдэяў, хрысціян і мусульман, а таксама важнасць захавання яго ідэнтычнасці і міратворчага паклікання.

Увага была засяроджана і на палітычнай і сацыяльнай сітуацыі ў рэгіёне, які перажывае некалькі канфліктаў і пакутуе ад вынікаў гуманітарнага крызісу. Было адзначана, што ў гэтым кантэксце варта “разумець важнасць дыялогу паміж рознымі рэлігійнымі супольнасцямі ў мэтах забеспячэння мірнага суіснавання і стабільнасці”.

Навіна ў фармаце аўдыё
15 лістапада 2018, 14:03