Бэта версія

Cerca

Vatican News
Папа і Патрыярх Асірыйскі падчас падпісання Дэкларацыі Папа і Патрыярх Асірыйскі падчас падпісання Дэкларацыі  (Vatican Media)

Папа і Патрыярх Асірыйскі падпісалі сумесную дэкларацыю

З праслаўлення Найсвяцейшай Тройцы пачынаецца сумесная дэкларацыя, якую 9 лістапада 2018 г. у Ватыкане падпісалі папа Францішак і Патрыярх Асірыйскай Царквы Усходу Мар Гіваргіс ІІІ.

У тэксце ўзгадваецца гістарычная сустрэча папы Яна Паўла II і Каталікоса Патрыярха Мар Дзінкха IV, якая прайшла ў 1984 г. і палажыла пачатак узаемным кантактам. “Гэта наша малітоўная надзея, што ўзаемны тэалагічны дыялог можа дапамагчы палегчыць шлях да доўгачаканага дня, калі мы зможам разам цэлебраваць Ахвяру Пана на адным алтары. У той жа час, мы маем намер рухацца наперад ва ўзаемным прызнанні і агульным сведчанні Евангелля. Наш агульны хрост з’яўляецца трывалай асновай рэальнай камуніі, якая ўжо існуе паміж намі: “Бо ўсе мы ў адным Духу ахрышчаныя ў адно цела” (1 Кар 12,13), - гаворыцца ў Дэкларацыі.

Тут узгадваецца сітуацыя хрысціян на Блізкім Усходзе, асабліва ў Іраку і Сірыі. Сотні тысяч нявінных мужчын, жанчын і дзяцей пакутуюць ад надзвычай гвалтоўных канфліктаў, якія нішто не можа апраўдаць. Войны і пераслед пашырылі зыход хрысціян з зямлі, дзе яны жылі побач з іншымі рэлігійнымі супольнасцямі з апостальскіх часоў. Людзі розных абрадаў пакутуюць за вызнанне імя Хрыста.

“Мы ўдзячныя гэтым нашым братам і сёстрам, якія натхняюць нас рухацца па шляху Езуса да перамогі над варожасцю. Мы ўдзячныя ім за сведчанне Валадарства Божага, якое яны далі брацкімі адносінамі, што існуюць паміж іх рознымі супольнасцямі”

, - гаворыцца ў сумесным дакуменце. Падкрэсліваецца, што менавіта кроў мучанікаў заўсёды была “насеннем хрысціянскага адзінства”.

Папа і Патрыярх заявілі, што разам зробяць усё магчымае, каб аблегчыць пакуты хрысціян Блізкага Усходу і дапамагчы ім пачаць новае жыццё, якое будзе магчыма, калі мір вернецца ў рэгіён. “Мы хочам яшчэ раз пацвердзіць, што немагчыма ўявіць Блізкі Усход без хрысціян. Гэта перакананне заснавана не толькі на рэлігійнай глебе, але і на сацыяльных і культурных рэаліях, паколькі хрысціяне, з іншымі вернікамі, у значнай ступені спрыяюць пэўнай ідэнтычнасці рэгіёну”, - адзначаецца ў Дэкларацыі.

У тэксце гучыць заклік да міжнароднай супольнасці паспрыяць гарантаванню правоў кожнага чалавека. “Хрысціяне жадаюць быць не “абароненай меншасцю” або групай, да якой ставяцца з цярпімасцю, але паўнапраўнымі грамадзянамі, чые правы гарантуюцца і абараняюцца”, - гаворыцца ў дакуменце.

Папа Францішак і Патрыярх Мар Гіваргіс ІІІ пацвердзілі, што, “чым складаней сітуацыя, тым больш неабходны міжрэлігійны дыялог, заснаваны на адкрытасці, праўдзе і любові”. Такі дыялог, паводле падпісантаў сумеснай Дэкларацыі, “з’яўляецца лепшым проціяддзем супраць экстрэмізму, што ўяўляе пагрозу для паслядоўнікаў кожнай рэлігіі”.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 лістапада 2018, 12:17