Папа з лаўрэатамі сёлетняй "Прэміі Ратцынгера" Папа з лаўрэатамі сёлетняй "Прэміі Ратцынгера" 

Папа: духоўнасці Бэнэдыкта XVI уласцівыя разважлівасць і адвага

Францішак уручыў 17 лістапада 2018 г. у Ватыкане “Прэміі Ратцынгера”, якія штогадова прысуджае “Ватыканскі Фонд Ёзэфа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI”. Сёлетнімі лаўрэатамі сталі тэолаг і архітэктар.

Марыяна Шлосэр – прафесар тэалогіі з Аўстрыі, якая пераклала на нямецкую мову большую частку твораў св. Бонавэнтуры і была куратарам другога тома “Opera Omnia” – поўнага збору твораў Бэнэдыкта XVI. Марыё Бота – архітэктар з Швейцарыі, сярод праектаў якога катэдральны касцёл у Эўры, недалёка ад Парыжа, і конкатэдральны касцёл Найсвяцейшага Аблічча ў Турыне.

Францішак зазначыў, што духоўнасці Бэнэдыкта XVI уласціва з “разважлівасцю і адвагай глядзець на праблемы нашага часу” і чэрпаць са Святога Пісання мудрасць, “неабходную для канструктыўнага дыялогу з сучаснай культурай”. Папа заклікаў навукоўцаў у такім жа ключы працягваць вывучэнне яго тэкстаў і звяртаць увагу на новыя тэмы, з якімі вера паклікана ўступіць у дыялог.

Пантыфік выказаў задавальненне тым фактам, што Прэмія за тэалагічныя даследванні сёлета была прысуджана жанчыне. Так адбываецца не ўпершыню, але важна, каб уклад жанчын у тэалогію і яе выкладанне, што на працягу доўгага часу лічылася “эксклюзіўнай тэрыторыяй духавенства”, цаніўся больш.

Рэпартаж з уручэння "Прэміі Ратцынгера"

Папа лічыць, што прысутнасць жанчын на адказных пасадах у Касцёле павінна быць шырэйшай. “З таго моманту, як Павел VI абвясціў св. Тэрэзу Авільскую і св. Кацярыну Сіенскую Доктарамі Касцёла больш не дазволены ніякія сумневы адносна таго, што жанчыны могуць дасягнуць самых вяршыняў у разуменні веры. Таксама Ян Павел ІІ і Бэнэдыкт XVI гэта пацвердзілі, калі ўключылі ў шэрагі Доктараў Касцёла іншых жанчын, св. Тэрэзу ад Дзіцятка Езуса і св. Хільдэгарду Бінгенскую”, - падкрэсліў Францішак.

Святы Айцец зазначыў, што з мінулага году “Прэмія Ратцынгера” ўручаецца і за мастацтва, натхнёнае хрысціянствам. Віншуючы архітэктара Марыё Бота, ён заўважыў, што “высілкі архітэктара, творцы сакральнай прасторы ў горадзе людзей, заўсёды маюць найвышэйшую каштоўнасць і павінны прызнавацца і падтрымлівацца Касцёлам, асабліва калі існуе рызыка занядбання духоўнага вымярэння і дэгуманізацыі гарадскіх абшараў”.

“Ватыканскі фонд Ёзэфа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI” заснаваў у лістападзе 2010 г. сам Бэнэдыкт XVI, які ўклаў у яго сродкі, атрыманыя ад сваёй літаратурна-тэалагічнай дзейнасці. Падтрымліваюць фонд і дабрачынцы. “Прэмія Ратцынгера” ўручаецца за папулярызацыю тэалогіі ў сучасным свеце. Яе называюць “Нобелеўскай прэміяй у галіне тэалогіі”.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 лістапада 2018, 14:15