Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа музыкантам-евангелізатарам: будзьце духоўна “поліфанічнымі”

“Спеў – гэта мова, якая вядзе да камуніі сэрцаў”, - адзначыў Папа 10 лістапада 2018 г. у Ватыкане падчас сустрэчы з трыма сотнямі членаў евангелізацыйнай супольнасці “Студэнты Неба” (Alunni del Cielo).

Групу маладых людзей, якія абвяшчаюць Евангелле музыкай і спевамі, заснаваў езуіт, айцец Джузэпэ Арыёнэ. Яе гісторыя пачалася 1968 г. з канцэртаў па ўсёй Італіі і Еўропе. Сёлета “нябесныя студэнты” адзначаюць 50-ю гадавіну існавання.

Францішак звярнуў увагу на актуальнасць формы апостальства, у якой музыка выкарыстоўваецца ў якасці мовы, здольнай “перадаваць універсальным чынам прыгажосць і сілу хрысціянскай любові”. Гэта дапамагае знаходзіць дзяцей і моладзь “на ростанях”, у месцах, да гэтага часу “нявывучаных” Касцёлам, каб несці ім спачуванне і дабрыню, прапаноўваючы шлях веры і камуніі, сяброўства і братэрскага абмену.

Каб захаваць “прарочае натхненне” для абвяшчэнне Евангелля, трэба паклапаціцца пра сваё ўнутранае жыццё, не дазволіць скрасці яго шуму гэтага свету, вырошчваць праз асабістую і супольную малітву, рэгулярны ўдзел у сакрамэнтах, асабліва споведзі і Эўхарыстыі, слухаючы Божае Слова, даў парады Святы Айцец. Усё гэта дапаможа галасам і мелодыям дасягнуць не толькі добрага прафесійнага ўзроўню, але і прывесці аўдыторыю да Бога.

Рэпартаж аб сустрэчы Папы з "Студэнтамі Неба"

Спеў з’яўляецца карысным, паколькі “ўзвышае душу і робіць яе больш адчувальнай да голасу Святога Духа”, дапамагае выказаць радасць, веру, пакаянне, любоў... асабліва калі гучыць падчас набажэнстваў, заўважыў Пантыфік.

Францішак спаслаўся на харавы спеў і зачараванне, якое выклікае поліфанія. “Я заклікаю вас быць “поліфанічнымі” нават у паўсядзённым жыцці, у адносінах да сябе і з іншымі”, - сказаў ён.

Папа заклікаў маладых людзей звяртаць не меншую, чым на прыгажосць спеваў, увагу на выкананне запаведзі любові, што самым лепшым чынам характарызуе вучня і сведка Хрыста. “Гэта ваш спосаб быць Касцёлам місійным, здольным заражаць і прыцягваць да сябе тых, хто чакае, магчыма, не ведаючы пра гэта, сустрэчы з Езусам”, - заўважыў Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 лістапада 2018, 15:12