Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа да албанцаў: эміграцыя пазбаўляе краіну сіл

Захаванне культурнай тоеснасці, міграцыя і міжрэлігійнае супрацоўніцтва былі галоўнымі тэмамі звароту Папы да ўдзельнікаў пілігрымкі албанцаў у Рым. Сустрэча прайшла 19 лістапада 2018 г. у Ватыкане.

Пілігрымка прымеркавана да 550-годдзя са смерці Георга Кастрыёці Скандэрбега – нацыянальнага героя Албаніі, кіраўніка антыасманскага паўстання ў XV ст.

Францішак нагадаў, што Албанія – гэта неад’емная часткай Еўропы. Скандэрбег заўсёды “з адвагай бараніў духоўныя каштоўнасці і хрысціянскае імя, за што заслужыў тытул “Athleta Christi”. Сваёй дзейнасцю ён “загартаваў албанскую культурную тоеснасць”, стаўшы “бясспрэчным сімвалам нацыянальнай згуртаванасці і еднасці, а таксама найвышэйшым выразнікам каштоўнасцей прынцыповай вернасці свабодна прынятым абавязацельствам”, падкрэсліў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што пасля смерці героя і захопу Албаніі, многія жыхары гэтай краіны пачалі эміграваць. Значная іх частка пасялілася ў Італіі, у выніку чаго на Апенінскім паўвостраве ўтварыліся месцы кампактнага рассялення албанцаў і албанскія касцёльныя правінцыі. Папа асаблівым чынам прывітаў прысутных на аўдыенцыі прадстаўнікоў італьянска-албанскага насельніцтва – арберэшаў.

Рэпартаж з аўдыенцыі для албанскіх пілігрымаў

Пантыфік пажадаў, каб святкаванне Года Скандэрбега, які быў абвешчаны ў Албаніі, стаў нагодай для абноўленых намаганняў усіх структур і грамадзян краіны на карысць сапраўднага і ўраўнаважанага развіцця, каб маладыя пакаленні не былі вымушаны эміграваць, “пазбаўляючы краіну сіл і кампетэнцыі, неад’емных для яе чалавечага і грамадзянскага росту”.

Асаблівую ўвагу Папа звярнуў на важнасць мірнага суіснавання, супрацоўніцтва і братэрства паміж вызнаўцамі розных рэлігій. “Атмасфера павагі і ўзаемнага даверу паміж католікамі, праваслаўнымі і мусульманамі – гэта каштоўны рэсурс для краіны і ён набывае асаблівую значнасць у гэты наш час”, - нагадаў ён словы, якія сам прамовіў падчас візіту ў Тырану ў 2014 г.

“Гатоўнасць лічыць адметнасці нагодай для дыялогу, узаемнай павагі і знаёмства, спрыяе развіццю сапраўдных духоўных шляхоў і становіцца каштоўным прыкладам, на які трэба глядзець з шчырай цікавасцю, каб будаваць трывалы мір, заснаваны на павазе да чалавечай годнасці”, - падкрэсліў Пантыфік перад тым, як удзяліў сваім гасцям благаслаўленне.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 лістапада 2018, 16:53