Тэлевізійная застаўка праграмы “Ave Maria” Тэлевізійная застаўка праграмы “Ave Maria” 

Францішак: Багародзіца не можа быць маці амаральных людзей

Папа працягвае дзяліцца сваімі разважаннямі аб таямніцы Маці Божай, заключанай у словах малітвы “Вітай, Марыя”. 27 лістапада 2018 г. у прайм-тайм на “TV2000” выйдзе сёмы выпуск праграмы “Ave Maria”.

У кожным з чарговых эпізодаў тэлепраекту, які адкрывае рэфлексія Францішка, закранаецца нейкі аспект мацярынства праз апавяданні маці, дзяцей, мужоў і духавенства.

Сваё сёмае разважанне Пантыфік прысвяціў з’яве амаральнасці. “Калі б я сказаў, што я не грэшнік, стаў бы самым амаральным чалавекам”, - прызнаўся ён у размове з кс. Марка Поца, вядучым праграмы.

Папа дадаў: “Марыя не можа быць маці амаральнага чалавека, паколькі ён прадае маму, прадае тое, што належыць народу, тое, што належыць сям’і. Такія асобы шукаюць толькі сваёй уласнай фінансавай, інтэлектуальнай і палітычнай выгады. Яны робяць эгаістычны выбар, я б сказаў, сатанінскі. Закрываюць дзверы знутры, і Марыя не можа ўвайсці. Яны не ўпускаюць маці”.

“З гэтай прычыны, амаральныя людзі закрытыя, яны не маюць патрэбы ў маці, бацьку, прыналежнасці да народа, краіны, сям’і, яны жывуць у эгаізме. І айцом гэтага, тым, хто навучыў іх усяму, з’яўляецца д’ябал”. Паводле Пантыфіка, малітва для амаральных – гэта як землятрус, паколькі вядзе да разумення, што свет не нарадзіўся з імі і не скончыцца з імі.

Трэйлер сёмай серыі праграмы “Ave Maria”

Тым не менш, Багародзіца - патлумачыў Святы Айцец, - клапоціцца пра кожнага грэшніка. І трэба сказаць ёй: “Я грэшнік, але ты абараняй мяне”. Францішак узгадаў словы сваёй маці з дзяцінства: “Мае дзеці, як пальцы рукі: ўсе розныя, але, калі мне ўколюць адзін палец, баляць усе”.

Праграма “Ave Maria” была падрыхтавана тэлеканалам “TV2000”, які належыць Канферэнцыі Біскупаў Італіі, у супрацоўніцтве з ватыканскай Дыкастэрыяй па камунікацыі. З адказаў Францішка ў яе рамках нарадзілася аднайменная кніга, ужо перакладзеная на 10 моў і выдадзеная ў 22 краінах.

27 лістапада 2018, 12:02