Падчас здымак праграмы "Ave Maria" Падчас здымак праграмы "Ave Maria" 

Пантыфік у “Ave Maria”: Марыя і Юзаф – цудоўная пара

Юзаф быў выбраннікам Марыі, а не наймітам Бога, падкрэсліў Папа ў шостай серыі тэлепраграмы “Ave Maria”. Вечарам 20 лістапада 2018 г. яна выйдзе ў эфіры італьянскага канала “TV2000”.

Працягваючы тлумачыць малітву “Вітай Марыя”, Пантыфік зазначыў, што Багародзіца “была падпарадкавана свайму жаніху, згодна з культурай таго часу”. Яна “гатавала для яго ежу, размаўляла з ім, размаўляла з сынам”, яны разам дзялілі трывогу, калі 12-гадовы Езус застаўся ў Іерусаліме. Марыя “шмат разоў у сне атрымлівала пасланні ад Бога. Яна – поўная ласкі”; а Юзаф – “справядлівы чалавек, які жыў паводле Божага слова”. “Цудоўная пара”, - падкрэсліў Папа.

Гаворачы пра адносіны Марыі з Сынам, Пантыфік зазначыў, што Яна засталася ля крыжа, не зважаючы на тое, што будуць казаць людзі. У сувязі з гэтым, Папа распавёў гісторыю з перыяду свайго служэння ў Аргентыне.

“Вельмі часта я праязджаў на аўтобусе каля турмы “Villa Devoto” у Буэнас-Айрэсе”. Перад ёй стаяла чарга з маці, якіх бачылі ўсе. Усе бачылі гэтых жанчын, што стаялі ў чарзе, каб увайсці ўнутр, бо там былі іх сыны. Часта гэтыя жанчыны павінны былі спазнаць прыніжэнне, звязанае з вобыскам. Але гэта іх не турбавала, бо праходзілі праз гэта дзеля сваіх сыноў”, - зазначыў Пантыфік.

Трэйлер чарговага выпуску тэлепраграмы “Ave Maria”

Падчас праграмы, гасцямі якой будуць італьянская тэлевядучая Крысціна Пародзі і італьянскі мастак Джэнара Троя, Францішак нагадаў, што Марыя – з’яўляецца Маці Божай, а кожнай маці ўласціва ласкавасць і пяшчота. Калі Хрыстус прынізіўся аж да крыжовай смерці, Ён узяў на сябе ўсе нашы грахі. Таму Марыя – Маці ўсіх грэшнікаў, заўважыў Святы Айцец.

“Ave Maria” – гэта другі такога роду тэлепраект для Святога Айца. Год таму на тым жа тэлеканале выходзіла праграма “Padre Nostro” (Ойча наш), у якой Францішак тлумачыў значэнне галоўнай хрысціянскай малітвы.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 лістапада 2018, 14:25