Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" 

Пантыфік: святыя з вышыняў “балеюць” за нас

Святыя з вышыняў “балеюць” за нас, каб мы выбралі Бога, заўважыў Папа перад малітвай “Анёл Панскі”, якую правёў у Ватыкане 1 лістапада 2018 г., ва ўрачыстасць Усіх Святых.

“Cённяшняе першае чытанне з кнігі Апакаліпсіса кажа нам пра Неба і ставіць перад абліччам “вялікага натоўпу”, якога немагчыма палічыць, “з усіх народаў, плямёнаў, родаў і моваў” (Ап 7,9). Гэта святыя. Што яны робяць “на нябёсах”? Яны разам спяваюць, з радасцю праслаўляюць Бога. Як цудоўна было б паслухаць іх спеў... Але мы можам яго ўявіць: ведаеце калі? Падчас св. Імшы, калі спяваем: “Святы, святы, святы, Пан Бог Усемагутны...”. Гэта гімн – кажа Біблія, – які паходзіць з Неба, які спяваюць там: гімн хвалы (пар. Іс 6,3; Ап 4,8). Таму, спяваючы “Святы”, мы не толькі думаем пра святых, але робім тое, што робяць яны: у гэты момант, на Імшы, мы з’яднаны з імі больш, чым калі-небудзь.

І мы з’яднаны з усімі святымі: не толькі з найбольш вядомымі, з календара, але таксама з тымі “з-за суседніх дзвярэй”, з нашымі блізкімі і знаёмымі, якія зараз уваходзяць у гэты вялікі натоўп. Таму сёння сямейнае свята.

“[Святыя – блізкія да нас і нават больш за тое, яны – нашы самыя сапраўдныя браты і сёстры. Яны разумеюць нас, любяць нас, ведаюць дзе наша сапраўднае дабро, дапамагаюць нам і чакаюць нас. Яны шчаслівыя і прагнуць, каб мы былі шчаслівыя з імі ў Раі.]”

Таму яны запрашаюць нас на шлях шчасця, які ўказвае сённяшняе Евангелле, шлях вельмі прыгожы і вядомы: “Шчаслівыя ўбогія духам (...), шчаслівыя лагодныя (...), шчаслівыя чыстыя сэрцам...” (пар. Мц 5,3-8). Але як жа? Евангелле кажа: шчаслівыя бедныя, у той час як свет кажа: шчаслівыя багатыя. Евангелле кажа: шчаслівыя лагодныя, у той час як свет кажа: шчаслівыя нахабныя. Евангелле кажа: шчаслівыя чыстыя, у той час як свет кажа: шчаслівыя хітрыя і радасныя. Гэты шлях благаслаўленняў, шлях святасці, здаецца вядзе да паразы.

“[І тым не менш – яшчэ раз нам нагадвае першае чытанне, – гэта святыя трымаюць “пальмовыя галінкі ў руках”, якія з’яўляюцца знакам перамогі. Гэта яны перамаглі, а не свет. І яны заклікаюць нас стаць на іх бок, на бок Бога, які святы.]”

Спытаем сябе пра тое, на якім баку стаім мы: на баку Неба ці на баку зямлі? Мы жывём дзеля Пана ці саміх сябе, дзеля вечнага шчасця ці якога-небудзь задавальнення цяпер? Спытаемся ў сябе: ці сапраўды мы хочам святасці або задавальняемся тым, каб быць хрысціянамі, які не пазналі ганьбы і хвалы, якія вераць у Бога і паважаюць бліжняга, але не больш за гэта? Пан “патрабуе ад нас усяго, а прапануе сапраўднае жыццё, шчасце, дзеля якога мы былі створаны” (Апост. адрарт. Gaudete ed exultate,1). Таму: святасць альбо нічога!

“[Вельмі карысна дазволіць святым, каб правакавалі нас. Яны не мелі тут палавінчатых мер і з вышыняў “балеюць” за нас, каб мы выбралі Бога, пакору, лагоднасць, міласэрнасць, чыстасць, каб больш гарэлі Небам, чым зямлёй.]”

Сёння гэтыя нашы браты і сёстры не просяць нас яшчэ раз паслухаць цудоўнае Евангелле, але жыць ім, пачаць крочыць па шляху благаслаўленняў. Гаворка не ідзе пра тое, каб рабіць надзвычайныя рэчы, але штодзённа крочыць тым шляхам, які вядзе да Неба, да сям’і, дадому. Такім чынам сёння мы зазіраем у нашу будучыню і святкуем тое, для чаго былі створаны: мы былі створаны, каб не памерці ніколі, мы былі створаны, каб радавацца Божаму шчасцю!

“[Пан падбадзёрвае нас, а тым, хто паўстае на шлях благаслаўленняў, кажа: “Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах” (Мц 5,12).]”

Няхай Маці Божая, Каралева святых, дапаможа нам з рашучасцю прайсці шляхам святасці; яна, якая з’яўляецца Брамай Неба, няхай увядзе нашых дарагіх памерлых у нябесную сям’ю”.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў прысутных на плошчы св. Пятра вернікаў і удзеляліў усім сваё благаслаўленне.

Навіна ў фармаце аўдыё
01 лістапада 2018, 12:12