Cerca

Vatican News
Папа падчас св. Імшы ў Сусветны дзень бедных Папа падчас св. Імшы ў Сусветны дзень бедных  (ANSA)

Пантыфік у Дзень бедных: Бог і бліжні – сапраўдныя скарбы

Бог і бліжні – гэта сапраўдныя жыццёвыя скарбы, падкрэсліў Папа падчас св. Імшы, якую цэлебраваў з нагоды Сусветнага дня бедных. Літургія прайшла 18 лістапада 2018 г. у базыліцы св. Пятра ў Ватыкане.

У гаміліі Францішак заклікаў “узняцца да Бога, каб сыйсці да братоў”, наследуючы шлях, які ўказаў Езус Хрыстус. Папа пераканы, што “жыць верай у кантакце з патрабуючымі важна для кожнага з нас”. Гэта “не сацыялагічная опцыя, не мода пэўнага пантыфікату, але тэалагічная патрэба”. Яна заключаецца ў тым, каб прызнаваць сябе жабракамі збаўлення, братамі і сёстрамі ўсіх, але асабліва бедных, умілаваных Пана, дадаў Святы Айцец.

“Папросім аб ласцы, якая дазволіць чуць крык тых, хто жыве ў бурлівых водах. Крык бедных – гэта здаўлены крык дзяцей, якія не могуць прыйсці на свет; малых, якія пакутуюць ад голаду; моладзі, больш прызвычаенай да грукату бомб, чым да шуму радасных гульняў. Гэта крык пажылых людзей, выкінутых на ўзбочыну і пакінутых у самоце. Гэта крык тых, хто перажывае жыццёвыя буры без сяброўскай падтрымкі. Гэта крык тых, хто павінен уцякаць, пакідаючы дом і зямлю без надзеі знайсці прытулак. Гэта крык цэлых народаў, пазбаўленых вялікіх прыродных рэсурсаў, якімі валодаюць. Гэта крык шматлікіх Лазараў, якія плачуць, у той час як групка гулякаў банкетуе, растрачваючы тое, што па справядлівасці належыць усім”, - сказаў Папа.

Рэпартаж з базылікі св. Пятра

Пантыфік падкрэсліў, што несправядлівасць – гэта корань беднасці. “Крык бедных штодня становіцца ўсё больш і больш моцным, але слухаюць яго з кожным днём усё менш і менш”, бо ён “заглушаецца гоманам групкі багацеяў, якіх становіцца ўсё менш і якія становяцца ўсё багацей і багацей”, зазначыў Папа.

“Перад абліччам растаптанай годнасці чалавека, людзі часта стаяць са складзенымі рукамі або разводзяць рукі, бяссільныя перад абліччам цёмнай сілы зла. Але хрысціянін не можа стаяць са складзенымі рукамі, з абыякавасцю, ці з разведзенымі рукамі, як фаталіст. Не! Веруючы чалавек працягвае руку, як Езус робіць у адносінах да яго”, - падкрэсліў у сваёй гаміліі Папа.

Сусветны дзень бедных быў устаноўлены Францішкам на заканчэнне Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці. Ён адзначаецца ў Касцёле ў кожную ХХХІІІ Звычайную нядзелю літургічнага года.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 лістапада 2018, 10:42