Бэта версія

Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: праз Эўхарыстыю міласэрнасць трапляе ў вены свету

Францішак сустрэўся 10 лістапада 2018 г. з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Папскага камітэта па Міжнародных эўхарыстычных кангрэсах. Сярод іх быў прадстаўнік Беларусі, кс. Ян Кучынскі з Гродна.

Камунія, служэнне і міласэрнасць – гэтыя тры рысы хрысціянскага жыцця нараджаюць “эўхарыстычную культуру”, заўважыў Папа. Ён падзяліўся сваімі разважаннямі пра тое, што азначае распаўсюджваць гэтую культуру ў сучасным, мультыкультурным кантэксце, дзе Евангелле і формы рэлігійнай прыналежнасці знаходзяцца далёка не на першым месцы.

Пантыфік падкрэсліў, што трэба “супрацоўнічаць з Божай ласкай” праз малітву і ўчынкі, паколькі “эўхарыстычная культура”, гэта, перш за ўсё, “спосаб мыслення і дзеяння, заснаваны на сакрамэнце, але адчувальны таксама за межамі касцёльнай супольнасці”.

“У Еўропе, хворай абыякавасцю і працятай падзеламі і замкнёнасцю, перш за ўсё хрысціяне абнаўляюць, нядзеля за нядзеляй, просты і моцны жэст сваёй веры: яны збіраюцца ў імя Пана, прызнаючы адно аднаго братамі. Такім чынам аднаўляецца цуд: праз слуханне Слова і ў ламанні Хлеба нават самы маленькі і пакорлівы сход вернікаў становіцца Целам Пана, Яго табэрнакулюмам у свеце”, - сказаў Папа.

Менавіта гэты цуд нараджае лад жыцця, заснаваны на камуніі, служэнні і міласэрнасці. Цэлебрацыя Божай таямніцы і спажыванне Яго Цела і Крыві мае на ўвазе зносіны з Ім і зносіны вернікаў паміж сабой. Насычаючыся “падараваным Целам”, эўхарыстычная супольнасць сама становіцца “целам, адданым за многіх”. Нарэшце, Эўхарыстыя – гэта “крыніца акіяна міласэрнасці”.

Пантыфік адзначыў, што Эўхарыстыя – гэта таксама хрысціянскі адказ на раку пакут, якая праходзіць праз сучаснае грамадства і руйнуе яго. Яна складаецца з розных відаў страху, прыгнёту, пыхі, жорсткасці, нянавісці, адчужэння і адсутнасці клопату аб навакольным асяроддзі. Але хрысціяне разумеюць, што гэта рака бяссільная супраць акіяна Божай міласэрнасці. Праз Эўхарыстыю міласэрнасць “трапляе ў вены гэтага свету і дапамагае сфарміраваць вобраз і структуру народа Божага, што падыходзіць для нашай сучаснай эпохі”.

Наступны Эўхарыстычны кангрэс адбудзецца ў 2020 г. у Будапешце. Францішак заклікаў, каб міжнародны форум чарговы раз нагадаў, што ў цэнтры касцёльнага жыцця нязменна знаходзіцца Эўхарыстыя.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 лістапада 2018, 12:59