Cerca

Vatican News
Папа Францішак Папа Францішак  (Vatican Media)

Пантыфік пра ролю навучальных устаноў у будаванні міру

Важна вучыць будаванню міру, зазначыў Папа ў пасланні на пачатак новага акадэмічнага года ў Папскім латэранскім універсітэце і інаўгурацыю новага міждысцыплінарнага цыклу “Навукі аб міры”.

Святы Айцец падкрэсліў, што ў сучасным свеце ўмацавалася патрэба ў прадухіленні і вырашэнні канфліктаў. “Касцёл заўсёды прыкладаў намаганні, скіраваныя на вызваленне чалавецтва ад трагедыі войнаў і дапамогу ў пераадоленні іх наступстваў. Таксама і сёння ён адчувае сябе пакліканым натхняць ініцыятывы на карысць міру паміж рознымі народамі і краінамі”, - напісаў Францішак.

Пантыфік адзначыў, што мір – гэта плён сапраўднага дыялогу, які дапамагае перамагчы нянавісць, эгаізм, прагу ўлады і прыгнёту самых слабых у грамадстве.

Паводле Папы, навучальныя ўстановы, сярод якіх каталіцкія ўніверсітэты, граюць велізарную ролю ў выхаванні сапраўдных міратворцаў. Яны могуць вучыць каштоўнасцям, а таксама распрацоўваць інструменты, неабходныя для будавання еднасці і справядлівасці, здольныя перамагчы схільнасць да ізаляцыі і адчужэння, логіку панавання, якая разбурае і нясе ў сабе насілле. Святы Айцец заклікаў студэнтаў і выкладчыкаў адчуць сябе пілігрымамі, якія абвяшчаюць Добрую Навіну ўсім народам і не баяцца рызыкаваць дзеля міру.

Францішак прызнаўся, што, кіруючыся жаданнем надаць гэтым намаганням навуковае вымярэнне, ён стаў ініцыятарам стварэння ў акадэмічным асяроддзі адмысловага міждысцыплінарнага курсу “Навукі аб міры”.

Навучальная праграма разлічана на пяць гадоў і прадугледжвае фарміраванне спецыялістаў у будаванні міру з моцным тэалагічным, філасофскім, юрыдычным, эканамічным і грамадазнаўчым вопытам. Адрасатам курса можа стаць кожны, хто мае жаданне сеяць у сучасным свеце зерні культуры міру.

Навіна ў фармаце аўдыё
13 лістапада 2018, 13:45