Валанцёры дапамагаюць мігрантам Валанцёры дапамагаюць мігрантам 

Пантыфік: культура салідарнасці мае хрысціянскія карані

Евангельская “лімфа” дапамагае валанцёрскай дзейнасці “даць чалавечае і хрысціянскае аблічча нашаму грамадству”, падкрэсліў Францішак падчас сустрэчы з італьянскімі валанцёрамі.

30 лістапада 2018 г. Папа прыняў у Ватыкане прадстаўнікоў валанцёрскай асацыяцыі “Centro di Servizio per il Volontariato Sardegna Solidale” з вострава Сардынія. Аўдыенцыя была прымеркавана да 20-годдзя арганізацыі. Пантыфік падзякаваў сваім гасцям за шматгадовую дзейнасць і заклікаў захоўваць увагу да мігрантаў, якія прыбываюць “у пошуку міру і працы”.

“[Культура салідарнасці і бескарыслівасці характарызуе валантарыят і канкрэтным чынам спрыяе будаванню братэрскага грамадства, у цэнтры якога знаходзіцца чалавечая асоба]”

, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што гэта культура мае глыбока хрысціянскія карані. “Менавіта Божая любоў дапамагае заўсёды заўважаць у іншым чалавеку бліжняга, брата і сястру, якіх трэба любіць. І гэта патрабуе асабістай і добраахвотнай дзейнасці, для якой, вядома, дзяржаўныя структуры могуць і павінны стварыць спрыяльныя ўмовы”, - сказаў ён.

Паводле Папы, валантарыят робіць чалавека “свабодным і адкрытым на патрэбы бліжніх, на патрабаванні справядлівасці, абарону жыцця, ахову навакольнага асяроддзя, з ласкавай і асаблівай увагай да хворых і, у першую чаргу, да пажылых людзей, якія з’яўляюцца скарбам мудрасці”.

“Сёння ёсць вялікая патрэба ў сведках дабрыні, ласкавасці і бескарыслівай любові. Існуе патрэба ў руплівых людзях, якія адказваюць на цяжкасці ў духу еднасці і заўсёды ставяць у фундамент галоўную мэту – служэнне бліжняму”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
30 лістапада 2018, 13:23