Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: “заражаць” моладзь радасцю Евангелля

Быць кансэкраванай асобай, не значыць лічыць сябе героем і прыкладам для іншых, але знаходзіцца побач з тым, хто пакутуе, усведамляючы ўласную беднасць, перакананы Францішак.

Святы Айцец накіраваў пасланне да ўдзельнікаў ХХV Генеральнай асамблеі Канферэнцыі кансэкраваных асоб Іспаніі, якая 13-15 лістапада 2018 г. праходзіць у Мадрыдзе. Пантыфік заўважыў, што 25 гадоў дзейнасці структуры з’яўляюцца плённай і багатай самаахвярнасцю гісторыяй святасці, “схаванай і маўклівай”.

Папа нагадаў, што кансэкраванае жыццё нясе ў сабе шматлікія магчымасці, вялікі энтузіязм і запал. Яно вымагае ад мужчын і жанчын быць людзьмі надзеі, у чым мае патрэбу сучасны свет. Трэба “прыняць будучыню з надзеяй” і станавіцца яе прарокамі, лічыць Святы Айцец.

Францішак звярнуў увагу на цяжкасці кансэкраванага жыцця: крызіс пакліканняў, старэнне супольнасцей, эканамічныя праблемы, выклікі глабалізацыі і інтэрнацыяналізацыі, рэлятывізм, маргіналізацыя і ігнараванне грамадствам. Але менавіта ў такіх умовах умацоўваецца надзея на Бога, адзінага, хто здольны падтрымаць і выратаваць.

Пантыфік заклікаў іспанскіх законнікаў і законніц актыўна ўдзельнічаць у евангелізацыі маладых людзей, “заражаць” іх “радасцю Евангелля і прыналежнасці да Хрыста”. Сёння патрэбны дбайныя кансэкраваныя асобы, якія будуць адкрываць новыя шляхі і ставіць пытанне паклікання ў якасці фундаментальнай хрысціянскай опцыі, дадаў ён.

У манаскім жыцці неабходна крочыць шляхам святасці, выконваючы ўчынкі міласэрнасці, жывучы у еднасці з Касцёлам, выходзячы за рамкі прывычных камфортных схем, каб быць блізкімі да людзей, якія чакаюць евангельскага святла ў сітуацыях пакут і адчаю.

Францішка заахвоціў кансэкраваных асоб, шукаць новыя формы арганізацыі і прысутнасці сярод людзей, выходзячы ім насустрач, захоўваць вернасць Евангеллю і Божым шляхам любові. Прыярытэтнае месца павінна заняць малітва і асабістая сустрэча з Езусам, распазнанне ў супольнасці і вернасць біскупу, падкрэсліў Пантыфік.

Навіна ў фармаце аўдыё
13 лістапада 2018, 14:15