Бэта версія

Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: свабода ніколі не забівае мары

Свабода ніколі не забівае мары – яна будуе ў жыцці тое, чаго многія жадаюць, але не маюць смеласці дабівацца. Свет мае патрэбу ў свабодных людзях, падкрэсліў папа Францішак.

22 лістапада 2018 г., з нагоды распачацця ў італьянскім горадзе Верона VIII Фестывалю Сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла, Святы Айцец скіраваў да яго ўдзельнікаў адмысловы відэазварот.

Засяродзіўшыся на тэме форуму – “Рызыка свабоды”, – Пантыфік адзначыў, што рызыкаваць – значыць, дзейнічаць. “Гэта нашае першае пакліканне. Разам мы павінны прыкладаць намаганні, каб знішчыць тое, што пазбаўляе людзей скарбу свабоды, і адначасова вынайсці смак той свабоды, якая ўмее берагчы “агульны дом”, дадзены нам Богам”, - заўважыў Францішак.

Такая патрэба, на думку Святога Айца, вынікае з самой рэчаіснасці, у якой вельмі шмат сітуацый, што не дазваляюць людзям плённа карыстацца ўласнай свабодай.

Гэта, напрыклад, беднасць, якую сёння недастаткова разглядаць толькі як эксплуатацыю або прыгнятанне людзей. У сучасным грамадстве пануе культура адчужэння, і ізаляцыя асобных катэгорый людзей пазбаўляе іх пачуцця прыналежнасці да супольнасці, успрымае іх як адкіды, “аб’едкі”, выказаў занепакоенасць Папа.

Іншы прыклад – тэхналагічнае развіццё, “калі яно не суправаджаецца адпаведным развіццём адказнасці, каштоўнасцей і свядомасці”.

“Абсалютызацыя тэхнікі можа абярнуцца супраць чалавека”

, - перасцярог Святы Айцец.

Нарэшце, яшчэ адзін згубны феномен – гэта разуменне чалавека выключна як спажыўца. Такі падыход ператварае яго свабоду ў ілюзію. Уяўная свабода спажывецтва, сцвердзіў Францішак, насамрэч з’яўляецца ні чым іншым, як рабствам, якое вядзе да штодзённага маўклівага падпарадкавання, да пачуцця недаверу і страху, да жадання замкнуцца ў сабе.

“Быць свабоднымі – гэта выклік, пастаянны выклік: ён зачароўвае, палоніць, дае мужнасць, дазваляе марыць, нараджае надзею, робіць унёсак у дабро, верыць у будучыню. Ён утрымлівае ў сабе моц, якая пераўзыходзіць любое нявольніцтва. Свет мае патрэбу ў свабодных людзях!”

 - выказаў перакананне Францішак.

Нарэшце, сваю глыбінную сутнасць чалавечая свабода можа вынайсці толькі тады, калі ўсвядоміць, што народжана з любячай свабоды Нябеснага Айца, які аб’явіў Сябе ў Сыне, у абліччы Міласэрнасці. “Пад Яго спагадлівым позіркам кожны чалавек можа ўзнавіць шлях “рызыкі свабодай”, - запэўніў Францішак.

Упершыню Фестываль Сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла адбыўся ў Вероне ў 2011 г. і з таго часу арганізуецца там штогод. Ідэя форуму заключаецца ў тым, каб запрасіць да дыялогу католікаў, што працуюць у розных галінах сацыяльнага і грамадскага жыцця (прадпрымальнікаў, настаўнікаў, камерцыйных работнікаў, адвакатаў, моладзь), і разам вынаходзіць шляхі рэалізацыі ў штодзённым жыцці вучэння Касцёла. VIII Фестываль будзе трываць у Вероне да 25 лістапада 2018 г.

Відэазварот Францішка
23 лістапада 2018, 11:10