Пошук

Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 

Францішак: не пажадай нічога, што належыць бліжняму твайму

Дарэмна думаць, што зможам выправіцца без дару Святога Духа і ачысціць сэрца, дзякуючы выключна сваёй волі. Трэба адкрыцца на зносіны з Богам, і тады нашы высілкі дапамогуць, перакананы Папа.

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 21 лістапада 2018 г. прайшла на ватыканскай плошчы св. Пятра, Францішак засяродзіў увагу на двух апошніх запаведзях Дэкалогу: “Не пажадай жонкі бліжняга твайго” і “Не пажадай нічога, што належыць бліжняму твайму”.

Святы Айцец заўважыў, што яны пераклікаюцца з запаведзямі, якія тычацца чужалоства і крадзяжу. “У чым жа тады прызначэнне гэтых слоў? Яны з’яўляюцца проста абагульненнем? Ці ў іх ёсць штосьці большае?”, - спытаў Францішак.

“Добра, калі памятаем аб тым, што ўсе запаведзі пакліканы вызначаць межы жыцця, выходзячы за якія, чалавек знішчае самога сябе і бліжняга, ламаючы зносіны з Богам. (...) Усе грахі нараджаюцца ў выніку благіх жаданняў – усе. Пачынаюцца з памкнення сэрца, затым чалавек уваходзіць у гэту хвалю і прыходзіць да парушэння. Гаворка не ідзе пра фармальнае парушэнне, парушэнне Закону, але пра парушэнне, якое раніць самога чалавека і іншых”, - сказаў Папа.

Паводле Францішка, сам Езус кажа пра гэта адкрытым тэкстам: “Бо знутры, з чалавечага сэрца, выходзяць благія думкі, распуста, крадзеж, забойствы, чужаложства, сквапнасць, зласлівасць, падступнасць, бессаромнасць, зайздрасць, блюзнерства, пыха, глупства. Усё гэтае зло выходзіць знутры і робіць чалавека нячыстым. (Мк 7,21-23)”.

“Разумеем тады, што ўвесь шлях, пройдзены праз Дэкалог, не меў бы ніякага сэнсу, калі б не дасягнуў узроўню чалавечага сэрца. Адкуль паходзіць усё гэта зло? Дэкалог выразны і глыбокі ў гэтым аспекце: яго канчатковым пунктам з’яўляецца сэрца, а калі яно не будзе вызвалена, астатняе не вельмі патрэбна. Вось выклік: вызваліць сэрца ад усяго благога і бруднага”, - лічыць Папа.

“[Можна звесці Божыя прадпісанні толькі да прыгожага фасаду жыцця, якое ўсё роўна застанецца жыццём нявольнікаў, а не сыноў. Часта за фарысейскай маскай удушлівай правільнасці хаваецца штосьці дрэннае і нявырашанае]”

, - дадаў ён.

Паводле Францішка, запаведзі павінны дапамагчы чалавеку пазбавіцца гэтай маскі, каб паказаць яго сапраўдную беднасць і прывесці да пакоры. “Чалавек патрабуе гэтага благаслаўлёнага прыніжэння, якое прыводзіць да разумення, што ён не можа збавіцца самастойна, што ён павінен крычаць да Бога, каб атрымаць збаўленне”, - дадаў ён.

“[Дарэмна думаць, што можам выправіцца без дару Святога Духа. Дарэмна думаць, што ачысцім наша сэрца дзякуючы толькі тытанічным высілкам нашай волі: гэта не магчыма. Неабходна ў праўдзе і свабодзе адкрыцца на зносіны з Богам: толькі так нашы намаганні змогуць прынесці плёны]”

, - падкрэсліў Пантыфік.

Францішак нагадаў, што заданне біблійнага Закона заключаецца ў тым, каб прывесці чалавека да праўды аб ім самім, а гэта значыць да яго беднасці, якая “становіцца сапраўднай і асабістай адкрытасцю на Божую міласэрнасць, якая перамяняе і абнаўляе”. “Апошнія словы Дэкалога вучаць усіх прызнаваць сябе жабракамі; дапамагаюць нам стаць перад абліччам беспарадку нашага сэрца, каб больш не жыць эгаістычна, а стаць беднымі духам і сапраўднымі перад абліччам Айца, дазваляючы, каб Сын вызваліў нас, а Святы Дух – навучыў”, - сцвердзіў Пантыфік.

“Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае”. Так, шчаслівыя тыя, якія перастаюць падманваць сябе, думаючы, што могуць выратавацца ад уласнай слабасці без Божай міласэрнасці, адзінай, здольнай аздаравіць сэрца. Толькі міласэрнасць Бога аздараўляе сэрца. Шчаслівыя тыя, якія прызнаюць уласныя благія жаданні і з сэрцам пакутлівым і пакорным стаяць перад Богам і людзьмі не як справядлівыя, а як грэшнікі. Як цудоўна тое, што Пётр сказаў Пану: “Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны”. Гэта цудоўная малітва”, - сказаў Папа.

На завяршэнне катэхезы Францішак зазначыў, што асобы, якія прызнаюць сябе грэшнікамі, атрымліваюць здольнасць спагады і міласэрнасці да іншых, бо самі спазналі гэта.

Рэпартаж аб агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Навіна ў фармаце аўдыё
21 лістапада 2018, 12:00