Пошук

Папа падчас аўдыенцыі для касцёльных музыкантаў і харыстаў Папа падчас аўдыенцыі для касцёльных музыкантаў і харыстаў 

Францішак: касцёльная музыка – каштоўная прылада евангелізацыі

Музыка павінна быць прыладай еднасці, каб зрабіць больш эфектыўнай евангелізацыю ў сучасным свеце, адзначыў Папа ў звароце да ўдзельнікаў ІІІ Міжнароднай сустрэчы касцёльных капэл і хароў.

Аўдыенцыя, у якой прынялі ўдзел каля 8000 музыкантаў і вакалістаў з розных кантынентаў, адбылася 24 лістапада 2018 г. у ватыканскай Зале Паўла VI. Яна была арганізавана Папскай радай па новай евангелізацыі з нагоды літургічнага ўспаміну св. Цэцыліі – нябеснай апякункі касцёльнай музыкі і спеваў. 

Звяртаючыся да сваіх гасцей Папа падкрэсліў, што музыка – гэта “сапраўдны інструмент евангелізацыі”, калі тыя, хто ім карыстаецца, становяцца сведкамі “глыбіні Божага слова, што дакранаецца да сэрцаў людзей”. Яна дазваляе “адчуць прыгажосць Неба” падчас “цэлебрацыі сакрамэнтаў, асабліва святой Эўхарыстыі”.

Паводле Пантыфіка, музыка і спевы дапамагаюць захаванню народнай пабожнасці, якая, у сваю чаргу, з’яўляецца “імуннай сістэмай” Касцёла.

Рэпартаж аб сустрэчы Папы з музыкантамі і харыстамі

Францішак заклікаў музыкантаў і харыстаў не паддавацца спакусе “зоркавасці”, што накладае цень на іх дзейнасць, а таксама “прыніжае актыўны ўдзел народу ў малітве”.

“Калі ласка не станавіцеся “прымадоннамі”. Будзьце аніматарамі спеваў усёй асамблеі і не замяняйце яе, пазбаўляючы Божы народ магчымасці спяваць разам з вамі і даваць сведчанне касцёльнай і супольнай малітвы. Часам мяне засмучае, калі падчас некаторых цырымоній, хор спявае вельмі прыгожыя творы, але людзі не могуць іх спяваць...”, - прызнаўся Папа.

Навіна ў фармаце аўдыё


 

24 лістапада 2018, 15:21