Бэта версія

Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Францішак: хрысціянін не можа быць антысемітам

Хрысціянін не можа быць антысемітам, зазначыў Папа падчас аўдыенцыі для дэлегацыі Сусветнага кангрэсу горскіх яўрэяў (World congress of Mountains Jews), якую 5 лістапада 2018 г. прыняў у Ватыкане.

Францішак нагадаў, што яго апошняя сустрэча з прадстаўнікамі яўрэйскай супольнасці праходзіла ў Літве і была прымеркавана да 75-годдзя ліквідацыі вільнюскага гета.

“Я маліўся перад помнікам ахвярам Халакоста і прасіў Найвышэйшага аб суцяшэнні для яго народу. Памятаць пра Халакост неабходна, каб застаўся жывы ўспамін пра мінулае. Без жывой памяці не будзе будучыні, бо, калі самыя чорныя старонкі гісторыі не навучаць нас не паўтараць тыя самыя памылкі, годнасць чалавека застанецца пустым гукам”, - сказаў Папа.

Пантыфік звярнуў увагу на дзве трагічныя гадавіны, якія ўзгадваюцца сёлета: 75-годде ліквідацыі рымскага гета і 80-годдзе так званай “Крыштальнай ночы”, калі была разбурана вялікая колькасць юдэйскіх святыняў з мэтай выкаранення таго, што “абсалютна недатыкальна ў сэрцы чалавека і народа: прысутнасці Стварыцеля”.

“Калі ўзнікла жаданне замяніць Добрага Бога ідалапаклонствам перад уладай і ідэалогіяй нянавісці, людзі прыйшлі да шаленства знішчэння жывых істотаў. Таму рэлігійная свабода – гэта найвышэйшае дабро, якое павінна абараняцца, фундаментальнае права чалавека, бастыён супраць таталітарных памкненняў ”

, - сказаў ён.

Францішак са шкадаваннем узгадаў пра існаванне праяў антысемітызму ў сучасным свеце. “Як я шматразова нагадваў, хрысціянін не можа быць антысемітам. Мы маем супольныя карані. Гэта было б супярэчаннем веры і жыцця. Мы пакліканы прыкласці сумесныя намаганні, каб антысемітызм быў асуджаны чалавечай супольнасцю”, - сказаў ён.

Святы Айцец адзначыў важнасць сяброўства паміж яўрэямі і хрысціянамі, а таксама развіцця міжрэлігійнага дыялогу, дзеля дабра ўсяго чалавецтва. Ён ўзгадаў пра “цудоўную міжрэлігійную сустрэчу”, якая адбылася пажчас яго візіту ў Азербайджан у 2016 г. На ёй “я меў магчымасць заўважыць, што рэлігіі могуць ствараць гармонію пачынаючы ад асабістых адносін і добрай волі лідэраў”, - сказаў Пантыфік.

“Вось шлях. Трэба весці дыялог з усімі і маліцца за ўсіх: гэта наш спосаб, каб перакаваць мячы на плугі, каб ствараць любоў там, дзе ёсць нянасць і прабачэнне там, дзе ёсць крыўда, каб не стамляцца прасіць аб шляхах міру і крочыць ім. Сёння не час для гвалтоўных і жорсткіх рашэнняў, але важны момант, каб пачаць цярплівыя працэсы прымірэння. Гэта фундаментальнае заданне, да якога мы пакліканы”, - сказаў Папа на заканчэнне сваёй прамовы.

Горскія яўрэі з’яўляюцца субэтнічнай групай яўрэяў Паўночнага і Усходняга Каўказа. На сённяшні дзень большая частка гэтай народнасці пражывае на тэрыторыі Ізраіля, ЗША, Азербайджана і Канады. Прадстаўнікі гэтай старажытнай традыцыі ўпершыню здзейснілі візіт у Ватыкан, каб сустрэцца з Папам.

Навіна ў фармаце аўдыё
05 лістапада 2018, 12:09