Бэта версія

Cerca

Vatican News
Падчас запісу тэлепраекта “Ave Maria” Падчас запісу тэлепраекта “Ave Maria”  

Францішак: дзеці – гэта заўсёды благаслаўленне

Дзеці – гэта заўсёды благаслаўленне, падкрэсліў Папа ў новым выпуску тэлепраграмы “Ave Maria”, які вечарам 6 лістапада 2018 г. выйдзе ў эфіры італьянскага “TV2000”.

Працягваючы тлумачыць малітву “Вітай Марыя”, у размове з кс. Марка Поца, турэмным капеланам з Падуі, Францішак зазначыў, што дзіця можа стаць таксама “крыжам для маці”.

Ён узгадаў гісторыю К’яры Карбэлы – маладой жанчыны з Рыма, якая, будучы цяжарнай, даведалася пра сваю цяжкую хваробу, але адмовілася ад тэрапіі, каб не згубіць дзіця, якое насіла пад сэрцам. Праз год пасля нараджэння сына жанчына памерла. Некалькі месяцаў таму ў Рымскай дыяцэзіі распачаўся працэс яе беатыфікацыі. Нават у такой сітуацыі дзіця з’яўляецца благаслаўленнем, перакананы Папа.

Святы Айцец звярнуў увагу таксама на важнасць такой рысы маці, як ласкавасць. Паводле яго, толькі маці можа зразумець сваё дзіця, бо ад самага нараджэння ведае ўсю яго непрыкрытую сутнасць. Панна Марыя атрымала свайго Сына з крыжа без вопраткі і сама захінула яго.

“Марыя – благаслаўленне для нас, бо з’яўляецца Маці нашай “галізны”. Голымі робіць нас грэх, а Яна нас заўсёды захінае”

, - заўважыў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што “Марыя не была ўсемагутнай. Была простай жанчынай – поўнай ласкі, але звычайнай. А сілай гэтай ласкі з’яўляецца Святы Дух, Які суправаджаў Марыю на працягу ўсяго яе жыцця”. Францішак нагадаў, што “кожны чалавек абавязаны сваім жыццём жанчыне, а калі молімся “Вітай Марыя”, злучаемся з Маці Божай і ўсімі нашымі маці”.

Гасцямі чарговага выпуску тэлепраграмы з удзелам Папы стала Карла Сіньёрыс – папулярная італьянская актрыса, і Луіза Вэлуці – жанчына, якую ў маленстве заставіла маці. У кожным выпуску сваімі сведчаннямі дзеляцца дзве розныя жанчыны: адна з іх – нейкая знакамітасць, другая – звычайная маці.

Трэйлер чацвёртай серыі праграмы “Ave Maria”

Праграма “Аve Maria” была падрыхтавана тэлеканалам “TV2000”, які належыць Канферэнцыі Біскупаў Італіі, у супрацоўніцтве з ватыканскай Дыкастэрыяй па камунікацыі.

З адказаў Францішка ў рамках праграмы “Ave Maria” нарадзілася аднайменная кніга, якую ўжо можна набыць у Італіі.

Гэта другі такога роду праект для Святога Айца. Год таму на тым жа тэлеканале выйшла праграма “Padre Nostro” (Ойча наш), у якой Папа тлумачыў значэнне галоўнай хрысціянскай малітвы. Яе вядучым быў таксама кс. Марка Поца, а вынікам, як і зараз, стала адмысловая кніга з разважаннямі Пантыфіка.

Навіна ў фармаце аўдыё
06 лістапада 2018, 13:37