Cerca

Vatican News
Папа Францішак Патрыярх Барталамей Папа Францішак Патрыярх Барталамей  (AFP or licensors)

Францішак да Барталамея І: еднасць хрысціян – надзея для свету

Святы Айцец Францішак напісаў ліст да Патрыярха Барталамея І з нагоды свята св. Андрэя – апекуна Канстантынопальскага Патрыярхату, якое адзначаецца 30 лістапада.

Пасланне перадаў кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству і кіраўнік афіцыйнай дэлегацыі Апостальскай Сталіцы, якая прыбыла ў Фанар.

Традыцыя абмену дэлегацыямі з нагоды ўрачыстасцяў апосталаў Пятра і Паўла і апостала Андрэя, паводле Папы, з’яўляецца выразам глыбокага адзінства.

“Пасля стагоддзяў узаемнага непаразумення, варожасці і маўчання, якія скампраметавалі адносіны, Святы Дух, Дух адзінства, дазволіў нам аднавіць братэрскі дыялог”

, - напісаў ён.

Пантыфік нагадаў аб супольным пакліканні вызнаўцаў абедзвюх традыцый да абвяшчэння Евангелля, спрыяння міру паміж народамі, барацьбы з рабствам, павагі і абароны годнасці кожнага чалавека, клопату аб навакольным асяроддзі.

“Дзякуючы Божай дапамозе, праз сустрэчу і дыялог на нашым сумесным шляху, які працягваецца больш за 50 гадоў, мы ўжо адчуваем, што знаходзімся ў адзінстве, хоць яшчэ не поўным і не канчатковым”

, - заўважыў Папа.

Францішак нагадаў, што хрысціянская еднасць адпавядае жаданню Езуса; яна дазволіць даць “больш эфектыўны адказ на патрэбы шматлікіх людзей нашага часу, асабліва тых, якія пакутуюць ад беднасці, голаду, хвароб і вайны”.

“У свеце, параненым канфліктамі, еднасць хрысціян – гэта знак надзеі, якая павінна ззяць усё больш і больш бачна”

, - дадаў Святы Айцец.

Традыцыя абмену дэлегацыямі паміж Святым Пасадам і Канстантынопальскім Патрыярхатам з нагоды ўрачыстасцяў апосталаў Пятра і Паўла і апостала Андрэя існуе з 1969 г.

Навіна ў фармаце аўдыё
30 лістапада 2018, 13:11