Cerca

Vatican News
Застаўка тэлепраекту "Ave Maria" Застаўка тэлепраекту "Ave Maria" 

“Ave Maria”: Пантыфік разважае над святасцю Маці Божай

Адным з самых вялікіх ворагаў святасці з’яўляецца дух пелагіянства, калі чалавек лічыць, што ўсяго можа дабіцца сам, заўважыў Францішак у чарговай медытацыі над малітвай “Вітай, Марыя”.

13 лістапада 2018 г. вечарам у эфіры італьянскага “TV2000” выйшаў чарговы выпуск тэлепраекту “Ave Maria”. У яго рамках Пантыфік тлумачыць сэнс малітвы да Маці Божай. На гэты раз ён разважаў пра святасць.

“Лёгка сказаць: “святасць Марыі”, але не так лёгка гэта зразумець. Гаворка ідзе пра паўнату Святога Духа, што яна насіла ў сабе. Святасць Марыі, у першую чаргу, заснавана на тым, што была напоўнена Духам”, - заўважыў Папа.

Трэйлер чарговага выпуску тэлепраграмы “Ave Maria”

Францішак спаслаўся на змест Апостальскай адгартацыі “Gaudete ed exultate”, дзе гаворыцца аб так званым “сярэднім класе святасці”. Папа прызнаўся, што тэрмін ён запазычыў у французскага каталіцкага пісьменніка Жозэфа Малега. Менавіта гэты аўтар заўважыў, што цяжкасцю з’яўляецца зразуменне не таго, што Бог існуе, але таго, што Бог стаў Хрыстом. “Гэта неймаверная падзея. Марыя займае ў ёй цэнтральнае месца”, - сцвердзіў Папа.

“Ave Maria” – гэта другі такога роду праект для Святога Айца. Год таму на тым жа тэлеканале выходзіла праграма “Padre Nostro” (Ойча наш), у якой Францішак тлумачыў значэнне галоўнай хрысціянскай малітвы. Вядучым абодвух тэлепраектаў з’яўляецца італьянскі святар, кс. Марка Поца.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 лістапада 2018, 11:53